Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі вучняў расказалі, колькі каштуе сабраць дзіця ў школу ў Беларусі, Літве і Польшчы


Пачатак навучальнага году ў беларускай школе ў Варшаве, 2 верасьня 2023
Пачатак навучальнага году ў беларускай школе ў Варшаве, 2 верасьня 2023

Беларускія чыноўнікі кажуць, што сабраць дзіця ў школу каштуе ад 370 рублёў. Паглядзелі, як насамрэч, і параўналі выдаткі з суседнімі краінамі.

Паводле намесьніцы начальніка галоўнага ўпраўленьня гандлю і паслуг Менгарвыканкаму Ірыны Маслаковай, сабраць дзіця ў школу сёлета будзе каштаваць ад 370 да 1150 рублёў. То бок ад 105 да 328 эўра. Гаворка пра вучняў малодшай школы.

Мы паглядзелі, ці сапраўды гэта так.

Беларусь

У Беларусі сёлета многія бацькі адзначаюць, што падрыхтоўка да школы ў параўнаньні зь мінулым годам падаражэла. Жыхарка Менску, у якой дзіця навучаецца ў малодшых клясах, расьпісала прыкладныя траты на падрыхтоўку. Выйшла каля 700 рублёў, або звыш 240 эўра.

«Кошт школьнай формы — каля 200 рублёў. Гэта два камплекты, каб магчыма было апранаць яе на зьмену. Заплечнік будзе каштаваць каля 180 рублёў, зьменны абутак, які патрабуюць у многіх школах, — да 100 рублёў. Спартовая форма — да 150. Усе канцтавары разам з сшыткамі, дзёньнікамі, асадкамі, фарбамі, плястылінам і алоўкамі — каля 90 рублёў», — кажа суразмоўца.

Алеся (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў адным з абласных цэнтраў Беларусі. Сёлета яна ў школу адправіла дваіх дзяцей.

Жанчына кажа, што ў параўнаньні зь леташнімі зборамі «падаражэла ўсё абсалютна».

Тавары для школы Алеся набывала ў асноўным на школьным кірмашы. Адзеньне там было пераважна кітайскае і турэцкае. За нагавіцы для старэйшага сына яна аддала 60 рублёў, за кашулю для яго — 30 рублёў. Да кашулі былі патрабаваньні — каб была сіняга колеру. Яшчэ 100 рублёў «пацягнулі» красоўкі.

«Цікава, што для старшаклясьнікаў у нашай школе былі „рэкамэндацыі“ набываць камізэлькі толькі пэўнага прадпрыемства. Тое ж самае для малодшых клясаў. І тая камізэлька каштавала аж 100 рублёў», — заўважае Алеся.

На канцылярскія тавары (сшыткі, алоўкі, асадкі) на дваіх сыноў яна аддала каля 100 рублёў, столькі ж — на дапаможнікі на ангельскай мове, біялёгіі і іншых прадметах.

«У параўнаньні зь мінулым годам падаражэла ўсё. Тыя ж дапаможнікі летась каштавалі 5 рублёў, сёлета ўжо 10. Дэфіцыту ні ў чым я не заўважыла. Апроч дапаможнікаў, якія ў кнігарнях разабралі, і ці будзе новы прывоз — пакуль не вядома», — дадала беларуска.

Яшчэ яна мусіць здаць грошы «на патрэбы клясы» — гэта адна базавая велічыня (37 рублёў). Выходзіць, на адно дзіця траты склалі пад 400 рублёў, або звыш 100 эўра.

Літва

Беларуская сям’я, якая цяпер жыве ў Вільні, таксама расказала пра свае выдаткі на падрыхтоўку дзіцяці да школы. Канцылярскія вырабы абышліся ў 60–70 эўра — гэта поўны камплект. Найбольш пацягнула школьная форма.

«Тут ёсьць афіцыйная крама школьнай формы. Там проста кажаш, якая школа, і там усё пашытае менавіта для кожнай школы», — кажа суразмоўца.

Школьная форма абышлася ў 150 эўра на чалавека. Спартовая — ад 30 да 80 эўра. Абутак — ад 15 да 35 эўра. За адукацыйныя матэрыялы трэба заплаціць яшчэ 25 эўра. Агулам выходзіць 210–250 эўра. Амаль як у Беларусі.

Польшча

Беларуска Наста адпраўляе сёлета ў школу дваіх сыноў. Яны ідуць у 4 і 6 клясу. Наста падлічыла, што на 4 верасьня патраціла на зборы дваіх дзяцей у школу каля 600 злотых. Значыць, на аднаго прыкладна 300 злотых (183 беларускія рублі). Але гэта не канчатковая сума.

«Канцылярыю цяжка падлічыць, бо хадзіла некалькі разоў за прадуктамі і там брала нейкія сшыткі. Недзе, можа, па 100 злотых на кожнага — гэта сшыткі, альбомы і каляровая папера, пэналы новыя. Тут няма абавязковых сьпісаў — што трэба, але асобныя настаўнікі могуць напісаць свае. Але тут мы купляем па меры магчымасьці, не адразу, каб у першы дзень вучобы ці тыдзень», — кажа беларуска.

Наста дадае, што пазьней будуць дадатковыя выдаткі на ўрокі маляваньня. «Бо там малююць акрылам, трэба яшчэ пэндзлі і палотны. З дадатковых падручнікаў, бо асноўныя даюць бясплатна, мы купляем на працягу году дапаможнікі з заданьнямі па ангельскай і нямецкай мовах. За два падручнікі па нямецкай мове дадаткова аддам, але пазьней, 71 злоты», — дадала Наста.

Паколькі яна мае сталы дазвол на жыхарства, то атрымлівае ад польскай дзяржавы на падрыхтоўку да школы 300 злотых на дзіця (183 беларускія рублі).

Такім чынам, агульны кошт падрыхтоўкі будзе большы — у раёне 400–500 злотых на чалавека. То бок крыху больш за 100 эўра. У Польшчы шмат якія школы даюць падручнікі і канцылярскія тавары для сваіх навучэнцаў бясплатна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG