«Мы, карпарацыя „Росатом“, гатовыя заўсёды працягнуць руку дапамогі, але абапіраючыся на дакладнае запатрабаваньне Рэспублікі Беларусь. Калі нам скажуць, што захочуць будаваць другую атамную электрастанцыю, мы, улічваючы нашы выдатныя каапэрацыйныя сувязі, будзем заўсёды гатовыя, але вырашаць павінна сама рэспубліка», — цытуюць расейскія СМІ прадстаўніка арганізацыі.
- Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасьць пабудовы ў Беларусі яшчэ адной АЭС.
- Сёлета 28 студзеня ён заявіў, што «поўны рашучасьці калі не пабудаваць, то пачаць будаўніцтва другой АЭС». Паводле яго слоў, «вядуцца дыялёгі зь некаторымі дзяржавамі, у тым ліку і з Расеяй, хто прапануе выгадныя ўмовы — з тым і дамовімся».
- 11 жніўня, кажучы пра распаўсюджваньне ў краіне электратранспарту, пашырэньне практыкі выкарыстаньня электраэнэргіі для ацяпленьня, Лукашэнка выказаў меркаваньне, што ў будучым «Беларусі будзе карысная і другая АЭС». Ён нагадаў, што прапанова «пабудаваць яе на ўсходзе краіны ўжо агучвалася», такая магчымасьць зараз вывучаецца.
- 19 траўня міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што ўлады «усё яшчэ разглядаюць» пытаньне будаўніцтва трэцяга энэргаблёка Беларускай АЭС ці другой атамнай станцыі.
- Паводле слоў чыноўніка, спэцыялісты вывучаюць патэнцыял росту спажываньня электрычнасьці ў краіне, складаюцца доўгатэрміновыя прагнозы. Паводле разьлікаў, у 2030–2050 гадах у Беларусі «добрая пэрспэктыва павелічэньня электраспажываньня». Менавіта таму, патлумачыў міністар, разглядаецца пытаньне пра павелічэньне ядзерных магутнасьцей.
- У лютым і сакавіку 2023-га прадстаўнікі дзяржорганаў некалькі разоў заяўлялі, што рашэньне па пытаньні будаўніцтва новых ядзерна-энэргетычных аб’ектаў пакуль не прынятае.
- Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласьць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёна «Росатома».
- Першы энэргаблёк БелАЭС сілкуе энэргасыстэму з 3 лістапада 2020 года, яго камэрцыйная эксплуатацыя пачалася ў чэрвені 2021-га. У чацьвёртым квартале 2023 года чакаецца чарговы плянава-папераджальны рамонт блёка. Летась такі рамонт праводзіўся 198 дзён, хаця яго плянавалася завяршыць за 80.
- Другі блёк знаходзіцца на этапе досьледна-прамысловай эксплуатацыі, выдае электраэнэргію ў сетку з 13 траўня.