Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан і Армэнія абвінавацілі адзін аднаго ў абстрэлах на мяжы. Ёсьць загінулыя


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. 2020
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. 2020

Раніцай 1 верасьня Армэнія заявіла, што ў выніку інтэнсіўнага абстрэлу пазыцый армянскага войска з боку Азэрбайджану загінулі два вайскоўцы і яшчэ адзін атрымаў раненьні.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Армэніі ARMENPRESS паведаміла, што азэрбайджанскія падразьдзелы выкарысталі бесьпілётнікі і мінамёты для атакі армянскіх пазыцый у кірунку армянскага сяла Сотк, а пазьней пачалі абстрэл каля сяла Норабак.

Улады Азэрбайджану, у сваю чаргу, абвінавацілі Армэнію ў вайсковых правакацыях і заявілі, што «падразьдзелы азэрбайджанскай арміі толькі адказваюць на правакацыі падразьдзелаў Армэніі, страляючы толькі па легітымных вайсковых цэлях».

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Азэрбайджану AZERTAC паведаміла, што ў выніку агню, «адкрытага армянскім бокам», атрымалі раненьні 4 азэрбайджанскія вайскоўцы.

У Баку заявілі, што Армэнія абстрэльвала Азэрбайджан з Гейчынскага махалу (так Азэрбайджан называе Басаркечарскі раён Армэніі, бо лічыць гэтыя землі гістарычна сваімі тэрыторыямі, на якіх Армэнія «зачысьціла азэрбайджанскае насельніцтва». — РС) па азэрбайджанскіх пазыцыях у кірунку гораду Кельбаджар.

У ліпені Азэрбайджан прыпыніў рух праз кантрольна-прапускны пункт у Лачынскім калідоры ў чаканьні расьсьледаваньня, пасьля таго як нібыта ў аўтамабілях Чырвонага Крыжа, якія ішлі з Армэніі, выявілі «розныя віды кантрабанды». Прыпыненьне руху ўзмацніла занепакоенасьць гуманітарным крызісам у Нагорным Карабаху.

У сярэдзіне ліпеня прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян правялі ў Брусэлі (Бэльгія) новы раўнд мірных перамоваў. Пасярэднікам на іх быў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, які назваў перамовы «шчырымі, сумленнымі і па сутнасьці». Аднак канкрэтных дамоўленасьцяў бакі тады не дасягнулі.

Расея таксама імкнецца стаць удзельнікам працэсу ўрэгуляваньня канфлікту вакол Нагорнага Карабаху. Масква прапанавала правесьці ў сябе саміт з удзелам дзьвюх краін.

Завяршэньне шматгадовага канфлікту стала больш рэальным пасьля таго, як Ерэван пагадзіўся прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджану, уключаючы Нагорны Карабах.

У той жа час Армэнія патрабуе міжнародных мэханізмаў абароны правоў і бясьпекі армянскага насельніцтва рэгіёну. Баку ж настойвае на тым, што такія гарантыі павінны давацца на нацыянальным узроўні, і адмаўляецца ад любога міжнароднага фармату.

Армэнія і Азэрбайджан вялі дзьве вайны за Нагорны Карабах, горны анкляў, населены пераважна армянамі, які міжнародна прызнаны часткай Азэрбайджану. Апошняя вайна доўжылася шэсьць тыдняў у канцы 2020 году і прывяла да гібелі 7000 салдат з абодвух бакоў. У выніку вайны Азэрбайджан вярнуў кантроль над часткай Нагорнага Карабаху і сямю прылеглымі раёнамі. Вайна скончылася спыненьнем агню пры пасярэдніцтве Расеі, згодна зь якім Масква разгарнула каля 2000 вайскоўцаў для выкананьня міратворчых абавязкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG