Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ерэван абвінаваціў Азэрбайджан у абстрэле назіральнікаў ЭЗ. Баку не камэнтуе


Сталіца Армэніі Ерэван. Ілюстрацыйнае фота
Сталіца Армэніі Ерэван. Ілюстрацыйнае фота

Напярэдадні Азэрбайджан абвінаваціў Армэнію ў разьмяшчэньні сваіх Узброеных сіл на ўмоўнай мяжы.

Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што «падразьдзелы Ўзброеных сіл Азэрбайджану адкрылі агонь са стралковай зброі па назіральніках Эўразьвязу і іхнай машыне»,

Як паведаміла армянскае агенцтва ARMENPRESS, эўрапейскія назіральнікі нібыта патрулявалі мясцовасьць у кірунку населенага пункту Верын Шоржа Гегаркуніцкай вобласьці.

Армянскі бок удакладніў, што ў выніку стральбы ніхто не пацярпеў.

Азэрбайджанскі бок пакуль не камэнтуе гэты інцыдэнт. Напярэдадні Азэрбайджан абвінаваціў Армэнію ў разьмяшчэньні сваіх Узброеных сіл на ўмоўнай мяжы.

15 жніўня азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва AZƏRTAC апублікавала заяву грамады Заходняга Азэрбайджану, у якой місію Эўрапейскага Зьвязу назвалі «рупарам Армэніі». Паводле грамады Заходняга Азэрбайджану, эўрапейскія назіральнікі ігнаруюць, што «з тых тэрыторый, якія яны патрулююць, некалі гвалтоўна выгналі азэрбайджанцаў».

У ліпені Азэрбайджан прыпыніў рух праз кантрольна-прапускны пункт у Лачынскім калідоры ў чаканьні расьсьледаваньня, пасьля таго як нібыта ў аўтамабілях Чырвонага Крыжа, якія ішлі з Армэніі, выявілі «розныя віды кантрабанды». Прыпыненьне руху ўзмацніла занепакоенасьць гуманітарным крызісам у Нагорным Карабаху.

У сярэдзіне ліпеня прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян правялі ў Брусэлі (Бэльгія) новы раўнд мірных перамоваў. Пасярэднікам на іх быў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, які назваў перамовы «шчырымі, сумленнымі і па сутнасьці». Аднак бакі тады не дасягнулі канкрэтных дамоўленасьцяў.

Расея таксама імкнецца стаць удзельнікам працэсу ўрэгуляваньня канфлікту вакол Нагорнага Карабаху. Масква прапанавала правесьці ў сябе саміт з удзелам дзьвюх краін.

Завяршэньне шматгадовага канфлікту стала больш рэальным пасьля таго, як Ерэван пагадзіўся прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджану, уключаючы Нагорны Карабах.

У той жа час Армэнія патрабуе міжнародных мэханізмаў абароны правоў і бясьпекі армянскага насельніцтва рэгіёну. Баку ж настойвае на тым, што такія гарантыі павінны давацца на нацыянальным узроўні, і адмаўляецца ад любога міжнароднага фармату.

Армэнія і Азэрбайджан вялі дзьве вайны за Нагорны Карабах, горны анкляў, населены пераважна армянамі, які міжнародна прызнаны часткай Азэрбайджану. Апошняя вайна доўжылася шэсьць тыдняў у канцы 2020 году і прывяла да гібелі 7000 салдат з абодвух бакоў. У выніку вайны Азэрбайджан вярнуў кантроль над часткай Нагорнага Карабаху і сямю прылеглымі раёнамі. Вайна скончылася спыненьнем агню пры пасярэдніцтве Расеі, згодна зь якім Масква разгарнула каля 2000 вайскоўцаў для выкананьня міратворчых абавязкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG