Сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгар'ян патлумачыў, з чым зьвязаныя супярэчлівыя заявы і дзеяньні кіраўніцтва краіны — адначасовыя крытыка і ўдзячнасьць Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бясьпецы, падтрыманьне рашэньня Міжнароднага крымінальнага суду аб арышце Ўладзіміра Пуціна і наведваньне Ніколам Пашыньянам вайсковага параду ў Маскве 9 траўня.
«Нічога дзіўнага тут няма. У апошнія гады архітэктура бясьпекі, і ў тым ліку ў нашым рэгіёне, кардынальна зьмянілася. Раней усё было ясна і зразумела. Умоўна кажучы, мы меркавалі, што можна будзе патэлефанаваць і сказаць: „У мяне праблема“. У адказ скажуць: „Добра, дарагі, мы дапаможам“. Мы паспрабавалі і бачым, што гэты мэханізм не працуе. Дамоўныя абавязкі не выконваюцца. Уся наша канцэпцыя бясьпекі была пабудавана на гэтым, а новай пакуль няма», — сказаў Армэн Грыгар'ян у інтэрвію расейскай «Новай газэце».
Паводле яго, мэханізмы, якія мусілі гарантаваць бясьпеку Армэніі, рухнулі, а новыя не створаныя. «Гэта і ёсьць крызіс», — дадаў сакратар Рады бясьпекі Армэніі.
Армэн Грыгар'ян дадаў, што цяпер Армэнія мусіць «шукаць новыя мэханізмы і пастаўкі ўзбраеньня», паколькі Расея не выконвае вайсковых кантрактаў, падпісаных у 2021 годзе на «сотні мільёнаў даляраў».
Сакратар Рады бясьпекі Армэніі дадаў, што на тле неэфэктыўнасьці Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бясьпецы ў верасьні 2022 году ў часе «прамой агрэсіі Азэрбайджану» абмяркоўвалася пытаньне аб выхадзе з АДКБ.
«Гэта натуральная рэакцыя», — патлумачыў ён.
Армэн Грыгар'ян дадаў, што цяпер Нагорны Карабах не зьяўляецца па-прарасейску арыентаваным рэгіёнам. «Цяпер настроі зьмяніліся пад уплывам абставін», — паведаміў сакратар Рады бясьпекі Армэніі.
«У Нагорным Карабаху няма празаходніх настрояў. Няма Сораса. Замест NATO — расейскі міратворчы кантынгент. І тым ня менш там зьявіліся антырасейскія настроі. Як вы думаеце, чаму? Праз саму Расею, не праз Захад. Расея сама фармуе стаўленьне да сябе», — удакладніў армянскі палітык.
Паводле яго, у 2013 годзе тагачасны прэзыдэнт Армэніі ўхваліў рашэньне аб далучэньні да Мытнага саюзу (цяпер Эўразійскі эканамічны саюз. — РС) пад ціскам.
«Яму далі зразумець, што калі ён гэтага ня зробіць, у Нагорным Карабаху будуць праблемы. Галоўным аргумэнтам за далучэньне для Саргсьяна была бясьпека Карабаху. Пасьля гэтага мы атрымалі дзьве вайны — у красавіку 2016-га і ў верасьні 2020-га», — сказаў Армэн Грыгар'ян.
У канцы красавіка свой візыт у Маскву на парад 9 траўня анансаваў толькі прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў. Аб удзеле прэзыдэнта Казахстану Касыма-Жамара Такаева, кіраўнікоў Таджыкістану і Туркмэністану Эмамалі Рахмона і Сердара Бердымухамедава, а таксама Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ера Армэніі Нікола Пашыньяна стала вядома толькі 8 траўня.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) выказалі меркаваньне, што ўдзел кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў Цэнтральнай Азіі ў маскоўскіх імпрэзах, прымеркаваных перамозе ў Другой усясьветнай вайне, сьведчыць аб жаданьні Ўладзіміра Пуціна прадэманстраваць расейскі ўплыў на постсавецкі рэгіён.