Незалежныя мэдыя ўнутры Беларусі практычна спынілі сваё існаваньне, а рэдакцыі цяпер працуюць з-за мяжы. У жаданьні яшчэ больш кантраляваць распаўсюд інфармацыі, улады вынайшлі новы спосаб: непажаданыя СМІ прызнаюць «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», а за інтэрвію або перадачу ім інфармацыі асуджаюць на вялікія тэрміны зьняволеньня.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» распавядае, за якія віды ўзаемадзеяньня зь незалежнымі СМІ беларусаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці.
Падпіскі і рэпосты
У Беларусі з 2021 году недзяржаўныя мэдыя пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Сталі небясьпечнымі падпіскі, рэпосты, рэакцыі і камэнтары пад публікацыямі ў каналах незалежных СМІ. За падобныя дзеяньні арыштоўваюць альбо даюць штраф паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую).
З 2021 году вядома пра сама меней 2540 выпадкаў прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці па гэтым артыкуле. Зь іх арыштавалі 512 чалавек (агулам на 8343 дзён), прызначылі штрафаў агулам на 8313 базавых велічыняў (122 тысячы даляраў).
Інтэрвію і перасыланьне інфармацыі
16 чэрвеня 2021 году набылі моц зьмены ў Законе «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», у які сярод іншага ўнесьлі новы пункт «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», а ў Крымінальны кодэкс дадалі адпаведны артыкул — 361-4. Такой фармулёўкай называюць у тым ліку ўзаемадзеяньне грамадзян зь незалежнымі СМІ, прызнанымі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Радзей падобныя дзеяньні ўлады могуць клясыфікаваць як стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім (арт. 361-1 КК).
Празьмерна шырокае і расплывістае вызначэньне «экстрэмісцкай дзейнасьці», прадугледжанае беларускім заканадаўствам, дазваляе ўладам маніпуляваць фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежаваньня права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый, адзначаюць праваабаронцы. З 2021 году назіраецца масавая практыка адвольнага прызнаньня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаньнем беларускіх СМІ «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
На сёньня, паводле «Беларускай асацыяцыі журналістаў», 17 беларускіх мэдыя прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», «БелаПАН», «Еўрарадыё», «TUT.BY», «Kyky.org», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Хартыя’97», «Флагшток», «Hrodna.life», «Volkovysk.by», «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «МОСТ», «Зеркало».
Большасьць зь вядомых выпадкаў крымінальнага перасьледу падобнага кшталту — за ўзаемадзеяньне зь «Белсатам» і «Еўрарадыё».
Агулам паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў зьяўляюцца больш за 70 чалавек. Шмат каго зь іх асудзілі за перасылку фота і відэа перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў ініцыятыву «Беларускі Гаюн». Праз тое, што нярэдка «палітычныя» судовыя працэсы праходзяць у закрытым рэжыме, далёка не пра ўсіх праваабаронцам вядомыя падрабязнасьці.
Тых, каго судзяць па артыкулах 361-4 і 361-1 Крымінальнага кодэксу за ўзаемадзеяньне зь незалежнымі СМІ, можна ўмоўна падзяліць на дзьве групы: чытачы і рэспандэнты, што даюць інтэрвію і дасылаюць у рэдакцыі мэдыя інфармацыю, і ўласна журналісты, якія проста выконваюць сваю працу.
Акрамя камунікацыі з асноўнымі недзяржаўнымі СМІ, беларусаў судзяць і за ўзаемадзейнічаньне з рознымі незалежнымі мэдыя, ініцыятывамі і навіновымі тэлеграм-каналамі: «Nexta», «Беларускі Гаюн», «Рэальная Беларусь», «Дзікае паляваньне» і іншыя.
Некалькі прыкладаў прысудаў за ўзаемадеяньне зь незалежнымі беларускімі СМІ:
- Дар’ю Лосік, жонку палітвязьня Ігара Лосіка, за інтэрвію пра мужа тэлеканалу «Белсат», у якім яна пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня, асудзілі на 2 гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
- Былую дацэнтку катэдры італьянскай мовы МДЛУ Натальлю Дуліну ў тым ліку за інтэрвію «экстрэмісцкаму фармаваньню» (яна выступала ў эфіры «Еўрарадыё») асудзілі на тры з паловай гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці і за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе».
- Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка, за камэнтары для СМІ на тэму поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, магчымых сцэнарах яе разьвіцьця і ролі Беларусі ў ёй асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае паўторна альбо групай асобаў».
- Музыку з Жабінкі Сяргея Нікіцюка, які пакінуў камэнтар «Трепло» ў суполцы «Белсат TV» у «ВКонтакте» пад навіной з цытатай Лукашэнкі, а 27 лютага 2022 г., у дзень рэфэрэндума, адправіў у бот рэдакцыі «Nexta» здымак свайго бюлетэня зь дзьвюма птушкамі, асудзілі на 3 гады калёніі за абразу Лукашэнкі і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
- Адваката Аляксандра Данілевіча за заклікі да санкцый і за дачу інтэрвію «экстрэмісцкаму» інтэрнэт-рэсурсу «Трыбуна» асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.