Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партал Zerkalo.io прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Журналісты заявілі, што далей будуць паведамляць праўдзівыя навіны

абноўлена

Zerkalo.io
Zerkalo.io

Таксама ў сьпіс дадалі сацыяльныя сеткі парталу.

Адпаведнае рашэньне прыняло МУС 9 чэрвеня.

Пра ўнясеньне парталу ў адпаведны сьпіс паведамілі праваабаронцы.

Партал «Зеркало» заснаваны некаторымі членамі закрытага ўладамі парталу Tut.by.

Стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Рэакцыя парталу

«Нягледзячы на ціск, з моманту стварэньня „Зеркало“ расказвала беларусам сапраўдныя навіны. І мы працягнем гэта рабіць незалежна ад статусаў, якія нам выдасьць рэжым», — заявіла 12 чэрвеня агенцтву BPN прэс-служба парталу.

«Мы ў такой сытуацыі далёка не адзіныя, у сьпісе фармаваньняў займаем 135-ы радок», — гаворыцца ў камэнтары.

Гэта толькі падкрэсьлівае сытуацыю, «якая адбываецца ў краіне са свабодай слова, свабодай волі», адзначылі ў рэдакцыі

«Раней толькі матэрыялы «Зеркала» былі экстрэмісцкімі, цяпер нас прызналі яшчэ і экстрэмісцкім фармаваньнем, — сьцьвярджаецца ў камэнтары. — Да гэтага на нашы мэдыя завялі крымінальную справу «аб адмаўленьні генацыду беларускага народ ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны або пасьляваенны пэрыяд».

У прэс-службе падкрэсьлілі: тое, што праз аналягічную сытуацыю праходзяць многія беларусы, значыць, што каманда «ня можа спыніць сваю работу», а толькі «стане яшчэ больш надаваць увагу бясьпецы».

«Усе гэтыя дзеяньні закліканыя прымусіць нас маўчаць, а чытачоў канчаткова зьмірыцца з рэчаіснасьцю і не глядзець па баках. Але маўчаньне — атрута. Сытуацыя ня стане лепшай ад таго, што аб праблемах і злачынствах перастануць казаць», — падкрэсьліла прэс-служба «Зеркала».

  • Міністэрства ўнутраных спраў 9 чэрвеня прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускі мэдыяпраект «Зеркало», які працуе за мяжой, створаны часткай каманды разгромленага ўладамі парталу tut. by. Гэта вынікае з абноўленага пераліку на сайце МУС. Інфармацыя аб гэтым зьявілася 12 чэрвеня.
  • Акрамя сайту zerkalo. io у сьпісе фігуруюць рэсурсы гэтага СМІ ў сацыяльных сетках Фэйсбук, Інстаграм, «Вконтакте», «Однакласники», а таксама ютуб- і тэлеграм-каналы.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG