Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Wall Street Journal: гарантыі бясьпекі для Кіева могуць аформіць у 2024 годзе


Прэзыдэнт Украіны і лідэры краін G7 на саміце ў Хірасіме, Японія, 21 траўня 2023
Прэзыдэнт Украіны і лідэры краін G7 на саміце ў Хірасіме, Японія, 21 траўня 2023

ЗША і іх эўрапейскія саюзьнікі распрацоўваюць гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, але заключэньне адпаведных пагадненьняў можа скончыцца не раней за 2024 год.

Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы. Паводле іх дадзеных, перамовы з Кіевам пачалі толькі ЗША і Вялікая Брытанія. У найбліжэйшыя тыдні да іх павінна далучыцца Францыя.

Паводле словаў суразмоўцаў выданьня, выпрацоўка гарантыяў для Ўкраіны — дастаткова працаёмкі працэс. Пакуль што ва ўдзельнікаў пагадненьняў няма адзінай думкі пра тое, якімі менавіта павінны быць абавязаньні бакоў. Ім таксама неабходна абмеркаваць з Кіевам — у разгар бягучай вайны — якія могуць быць будучыя вайсковыя патрэбы Ўкраіны, піша The Wall Street Journal.

Паводле дадзеных крыніц выданьня, Эўропа асьцерагаецца, што калі перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў 2024 годзе атрымае Дональд Трамп, то ён паспрабуе скараціць аб’ёмы сродкаў, якія выдзяляюцца Кіеву.

Акрамя таго, эўрапейскія чыноўнікі павінны быць упэўненыя ў тым, што абаронныя прадпрыемствы Эўразьвязу змогуць аказаць дапамогу Ўкраіне, не зьніжаючы патрэбаў заходніх вайскоўцаў у папаўненьні запасаў. Пры гэтым не ўва ўсіх дзяржаваў ЭЗ узровень абароннай прамысловасьці параўнальны з амэрыканскім, гаворыцца ў публікацыі.

Кіеў і Вашынгтон пачалі перамовы аб гарантыях бясьпекі для Ўкраіны на пачатку жніўня. Пазьней да іх далучыўся Лёндан. Украінскі бок выказваў надзею, што першыя дамовы ўдасца заключыць да канца года.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў адным зь нядаўніх інтэрвію заявіў, што Кіеў можа атрымаць ад ЗША гарантыі бясьпекі накшталт ізраільскіх. Ізраіль не ўваходзіць у NATO, таму ўдзельнікі вайсковага саюзу не абавязаныя аказваць яму дапамогу ў выпадку нападу. Пры гэтым Ізраіль — партнэр ЗША на Блізкім Усходзе і атрымальнік амэрыканскай вайсковай дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG