Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 жніўня: за абразу Лукашэнкі ў Менску асудзілі кіроўцу, у Берасьці — пэнсіянэра

абноўлена

Аляксей Афанасьеў
Аляксей Афанасьеў

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Суд Маскоўскага раёну Берасьця 9 жніўня вынес прысуд 67-гадоваму мясцоваму жыхару Аляксею Афанасьеву. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт.368 КК («Абраза прэзыдэнта»), ч. 2 арт. 368 КК і арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Справу разглядаў судзьдзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Харавец.

Аляксея Афанасьева супрацоўнікі міліцыі затрымалі 13 чэрвеня і зьмясьцілі пад варту, піша «Берасьцейская вясна».

Па матэрыялах абвінавачаньня, 5 жніўня 2021 года ў Фэйсбуку зьявілася публікацыя пра Івацэвіцкага міліцыянта Руслана Куцко, пасьля чаго на мясцовую жыхарку завялі справу. А з акаўнту пад імем «Аляксей Афанасьеў» быў напісаны камэнтар: «Дзярмо».

Паводле абвінавачаньня, такім камэнтаром Афанасьеў публічна абразіў Куцко (артыкул 369 КК).

Затым Афанасьеў у 2020 годзе захаваў сабе на старонцы фэйсбука відэа з удзелам Максіма Каца, дзе выкарыстоўваўся выраз «вупыр чапляецца за ўладу», што палічылі публічнай абразай Лукашэнкі.

Паводле абвінавачаньня, Афанасьеў 10 верасьня 2020 года выклаў у сваім Фэйсбуку відэа са старонкі «Верым, можам, пераможам», а ў зьмесьце відэа сьцьвярджалася: «пастаўлены дыягназ мазаічная псыхапатыя. Калі пачаў Лукашэнка проста забіваць сваіх палітычных праціўнікаў. Ён нясе небясьпеку для сябе і для навакольных і ня можа заставацца прэзыдэнтам».

Суд пакараў пэнсіянэра 1 годам калёніі агульнага рэжыму, а таксама штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Супрацоўніцу БНТУ асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту

У судзе Савецкага раёну Менску 29 чэрвеня асудзілі 51—гадовую Жанну Сядлецкую. Яе абвінавацілі паводле «народнага артыкул3» за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Судовы працэс вяла судзьдзя Вольга Емяльянчанка.

Жанна Сядлецкая да затрыманьня працавала на катэдры праграмнага забесьпячэньня і тэхналёгій БНТУ. Яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.

Суд прызначыў ёй 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Нядаўна Сядлецкую ўнесьлі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Жанчыну вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

За абразу Лукашэнкі ў Менску асудзілі кіроўцу

У судзе Савецкага раёна Менска 19 ліпеня вынесены прысуд кіроўцу сталічнага транспартнага прадпрыемства Аляксандру Ліпскаму. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядала судзьдзя Вольга Емельянчанка.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Ліпскі летась пад разьмешчанай у адным з тэлеграм-каналаў пад інфармацыяй напісаў камэнтар, які зьмяшчае нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, выяўленую ў «ненарматыўнай форме маўленчага выказваньня». Яго затрымалі і да суду зьмясьцілі пад варту.

Лінгвістычная экспэртыза прызнала апублікаваную інфармацыю абразай.

Суд прызначыў Ліпскаму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады («хатняя хімія»).

Ягоны мабільны тэлефон канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG