У супольнай заяве праваабаронцаў адзначана, што «Вясна» «зьяўляецца адной са старэйшых і аўтарытэтных праваабарончых арганізацый Беларусі, якая аказала дапамогу дзясяткам тысяч беларускіх грамадзян, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсій».
«Вясна» і яе прадстаўнікі — уладальнікі «шматлікіх прэстыжных прэмій і ўзнагарод у галіне правоў чалавека», падкрэсьлілі праваабаронцы. Заснавальнік цэнтру Алесь Бяляцкі, нагадалі яны, у 2022 годзе стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.
«Рашэньне ўладаў прызнаць праваабарончы цэнтар „Вясна“ „экстрэмісцкім фармаваньнем“ зьяўляецца палітычна матываваным перасьледам, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй людзьмі сваіх правоў і свабод», — падкрэсьлена ў заяве.
Праваабаронцы расцэньваюць гэтае рашэньне «як чарговы крок у рамках маштабнай палітыкі зьнішчэньня арганізацый грамадзянскай супольнасьці, беларускага праваабарончага руху, адвольнага выкарыстаньня беларускімі ўладамі антыэкстрэмісцкага заканадаўства» для «прыгнечаньня грамадзянскага актывізму і ціску на законную праваабарончую дзейнасьць «Вясны».
У заяве зазначана, што прызнаньне «Вясны» і іншых арганізацый «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» уяўляе сабой «недапушчальнае ўмяшаньне ў ажыцьцяўленьне свабоды выказваньня меркаваньняў, свабоды асацыяцый, якія зьяўляюцца правамі, гарантаванымі Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, парушае правы, замацаваныя ў Дэклярацыі аб праваабаронцах — ключавым рамачным дакумэнце ААН, Канстытуцыі».
Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў адмяніць рашэньне аб прызнаньні «Вясны» і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасьці «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
Яны заклікалі сваіх калег і арганізацыі трэцяга сэктару розных краін праявіць салідарнасьць зь «Вясной» і беларускім праваабарончым рухам, а міжнародныя органы і арганізацыі — даць належную ацэнку парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.
Заяву падпісалі:
- Lawtrend,
- Беларускі Хэльсынскі камітэт,
- Беларускі ПЭН,
- «Прававая ініцыятыва»,
- Офіс па правах людзей зь інваліднасьцю,
- Human Constanta.
З асуджэньнем гэтага рашэньня ўладаў выступіў Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк і афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер.