Белы дом паведаміў аб гэтым у чацьвер увечары, піша «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн патэлефанаваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму, каб павіншаваць яго з Днём незалежнасьці Ўкраіны. У паведамленьні Белага дому гаворыцца, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў падчас размовы, якая адбылася роўна праз 18 месяцаў пасьля пачатку расейскага ўварваньня, пацьвердзіў, што Вашынгтон не адмовіцца ад падтрымкі Кіева перад агрэсіяй з боку Масквы.
«Прэзыдэнт Байдэн пацьвердзіў прыхільнасьць ЗША падтрымцы абароны Ўкраіны ад расейскай агрэсіі столькі, колькі спатрэбіцца, і прыцягненьню Расеі да адказнасьці за яе дзеяньні», — гаворыцца ў заяве.
Байдэн і Зяленскі абмеркавалі маючае адбыцца навучаньне ўкраінскіх пілётаў кіраваньню зьнішчальнікамі F-16. Прэзыдэнт ЗША запэўніў свайго ўкраінскага калегу ў тым, што Белы дом будзе ў паскораным парадку выдаваць дазволы іншым дзяржавам на перадачу сваіх F-16 Кіеву для павышэньня абараназдольнасьці Ўкраіны.
«Ад імя амэрыканскага народу прэзыдэнт Байдэн выказаў захапленьне адвагай і самаахвярнасьцю ўкраінскага народу, які змагаецца за сваю свабоду і бясьпечную будучыню», — гаворыцца ў заяве.
Вашынгтон ужо паведаміў Даніі і Нідэрландам, што ім будзе дазволена перадаць свае F-16 зьнішчальнікі ва Ўкраіну, калі пілёты краіны навучацца кіраваць імі, заявіў Дзярждэпартамэнт ЗША 18 жніўня 2023 г. І Данія, і Нідэрлянды ўзначальваюць праграму навучаньня ўкраінскіх пілётаў на F-16.