Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Кіеў атрымае 42 зьнішчальнікі F-16 пасьля навучаньня пілётаў


Уладзімір Зяленскі і Марк Рутэ, Нідэрлянды, 20 жніўня 2023 года
Уладзімір Зяленскі і Марк Рутэ, Нідэрлянды, 20 жніўня 2023 года

Украіна атрымае 42 зьнішчальнікі F-16 пасьля падрыхтоўкі пілётаў і інжынэраў. Пра гэта пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ паведаміў прэзыдэнт Украіны. Зяленскі прыехаў у Нідэрлянды зь візытам.

«Сёньня робім яшчэ адзін крок на ўзмацненьне паветранага шчыта Украіны. F-16. Самалёты, якія мы выкарыстоўваем, каб трымаць расейскіх тэрарыстаў далей ад украінскіх гарадоў і вёсак», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў тэлеграме.

Рутэ на прэс-канфэрэнцыі ўдакладніў, што Нідэрлянды, а таксама Данія перададуць F-16 Кіеву, калі будуць выкананы ўмовы для пастаўкі. Калі менавіта Украіна атрымае зьнішчальнікі і калі скончыцца навучаньне лётчыкаў, Рутэ не ўдакладніў. Ён таксама не назваў дакладную колькасьць самалётаў, якія атрымае Украіна.

Таксама ў нядзелю міністар абароны Даніі Якаб Элеман-Енсэн афіцыйна абʼявіў, што Данія разам з Нідэрляндамі перадасьць Украіне зьнішчальнікі F-16, як ён выказаўся, «для барацьбы Украіны за свабоду супраць Расеі і яе злачыннай агрэсіі». Міністар не ўдакладніў, калі будуць перададзены самалёты і колькі іх будзе.

Украіна з пачатку расейскага ўварваньня страціла большую частку парку баявой авіяцыі, Кіеў просіць ад заходніх саюзьнікаў даць арміі сучасныя зьнішчальнікі.

У жніўні Вашынгтон даў дазвол на навучаньне ўкраінскіх пілётаў на зьнішчальніках F-16. Вядучую ролю ў навучаньні адыгрываюць Данія і Нідэрлянды. У той жа час ні адна з 11 дзяржаў, якія падтрымліваюць навучаньне ўкраінскіх вайскоўцаў, пакуль не вылучыла самалёты для гэтай праграмы.

Выданьне Politico паведамляла, што група з васьмі пілётаў, якія свабодна валодаюць англійскай мовай, ужо вызначана, але першыя самалёты могуць быць дастаўлены Кіеву не раней за вясну 2024 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG