Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БРІКС прынялі 6 новых дзяржаў, у тым ліку Саудаўскую Арабію. Беларусь не запрасілі


На саміце ў Ёганэсбургу
На саміце ў Ёганэсбургу

МЗС Беларусі выказала надзею на ўхваленьне сваёй заяўкі, чаго пакуль не адбылося.

Арганізацыя БРІКС, якая аб’ядноўвае Брызылію, Расею, Індыю, Кітай і ПАР, афіцыйна аб’явіла аб пашырэньні. Як заявіў прэзыдэнт ПАР Сырыл Рымафоса на заключным пленарным пасяджэньні саміту ў Ёганэсбургу, з 1 студзеня 2024 году да арганізацыі далучацца Саудаўская Арабія, ААЭ, Іран, Этыёпія, Эгіпет і Аргентына.

Гэта ўсё буйныя рэгіянальныя дзяржавы Блізкага Ўсходу, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, а Саудаўская Арабія — найважнейшы партнэр Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе.

Такім чынам, у БРІКС ад пачатку наступнага году афіцыйна будзе 11 дзяржаў-удзельніц. Як будзе называцца група пасьля ўступленьня туды новых краін, пакуль не аб’яўлена.

Лідэры краін БРІКС, якія выступілі на пасяджэньні, выказалі задавальненьне ў сувязі з пашырэньнем арганізацыі. Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падкрэсьліў, што да яе далучаюцца краіны, якія маюць вялікі ўплыў і гатовы садзейнічаць «міру і разьвіцьцю».

Агулам заяўкі на ўступленьне ў БРІКС падалі больш за 20 краін. Беларусь яшчэ толькі разьлічвае на ўхваленьне сваёй заяўкі. Пра гэта сказаў кіраўнік беларускай дэлегацыі на саміце, міністар замежных спраў Сяргей Алейнік. Ён дадаў, што БРІКС стаў самадастатковай арганізацыяй, якая садзейнічае фармаваньню больш справядлівых парадку і сыстэмы эканамічных адносін.

Сяргей Алейнік таксама адзначыў, што сукупны ВУП краін-сяброў БРІКС ужо сёньня перавышае аналягічны паказьнік краін – сяброў «Вялікай сямёркі».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін — адзіны зь лідэраў краін, які не прыехаў на саміт у ПАР. Гэтая краіна ўдзельнічае ў Міжнародным крымінальным судзе, па правілах якога Пуцін, на якога выдадзены ордэр на арышт, павінен быў быць арыштаваны на тэрыторыі ПАР. Улады краіны не гарантавалі, што гэтага не адбудзецца. У выніку Пуцін удзельнічаў у саміце па відэасувязі, а ў Ёганэсбург прыляцеў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG