«Па Прыгожыне ў Беларусі ня будуць сумаваць. Ён быў забойцам, і яго трэба памятаць такім. Чакаем ліквідацыі групоўкі „Вагнэр“ у Беларусі, што зьнізіць пагрозу нашай краіне і суседзям. Сьмерць Прыгожына паказала, чаго вартыя „гарантыі бясьпекі“, выдадзеныя Лукашэнкам», — напісала Ціханоўская ў Твітэры.
23 жніўня ў Цьвярской вобласьці Расеі разьбіўся самалёт Еmbraer. Расавіяцыя паведаміла, што на борце самалёта знаходзіліся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын і адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін. Агулам, паводле Расавіяцыі, на борце знаходзіліся 10 чалавек, зь іх 3 — экіпаж.
Камэнтароў аб прычынах падзеньня самалёта пакуль няма. Па факце крушэньня самалёта завялі крымінальную справу.
- Самалёт разьбіўся роўна праз 2 месяцы пасьля пачатку мяцяжу вагнэраўцаў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне».