Як паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі, манэўры прысьвечаны «забесьпячэньню ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі насельніцтва».
«Праграма прадугледжвае перамяшчэньне спэцыяльнай тэхнікі МНС і МУС, экіпаванага асабовага складу і задзейнічаньне сыстэмы апавяшчэньня. Просім з разуменьнем паставіцца да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў», — гаворыцца ў паведамленьні.
У Астравецкім раёне разьмешчаная Беларуская АЭС.
У канцы ліпеня кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі паведаміў у эфіры беларускай тэлевізіі, што «тэма „Скалы“ — аварыя на ядзерным аб’екце з задзейнічаньнем і разгортваньнем сіл АДКБ».
«І, вядома ж, нашы дзеяньні, МНС Рэспублікі Беларусь: парадак кіраваньня гэтым працэсам, ахоўныя пляны ўнутраныя і вонкавыя, якія будуць на практыцы адпрацаваныя ў выпадку такой аварыі. Гэта пытаньні ўзаемадзеяньня з органамі выканаўчай улады, органамі вайсковага кіраваная, шэраг іншых задач», — патлумачыў чыноўнік.
1–6 верасьня на тэрыторыі Беларусі пройдзе апэратыўна-стратэгічны комплекс вучэньняў Калектыўных сіл АДКБ «Баявое брацтва – 2023».
У рамках гэтага комплексу заплянаваны манэўры «Ўзаемадзеяньне» (сумеснае ўрэгуляванне крызіснай сытуацыі ў зоне адказнасьці АДКБ ва Ўсходняй Эўропе), «Пошук» (узаемадзеяньне выведак), «Эшалён» (дзеяньні сіл і сродкаў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня), «Барʼер» (сумеснае фармаваньне радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны і мэдыцынскага забесьпячэньня) і «Скала» (дзеяньні ратавальнікаў краін АДКБ пры ядзернай аварыі).
14 лютага начальнік абʼяднанага штаба АДКБ Анатоль Сідараў заявіў, што маючыя адбыцца вучэньні на тэрыторыі Беларусі ня маюць ніякіх мэт, акрамя трэнавальных.
Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк.
У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.