У Менскім гарадзкім судзе паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу (ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзыдэнта»; арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады»; арт. 364 «Пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») судзілі 54-гадовага мінчука Ігара Папова, паведамляюць праваабаронцы.
За камэнтары ў інтэрнэце на закрытым судовым працэсе Папову прызначылі бестэрміновае прымусовае лячэньне са строгім наглядам. Такое рашэньне судзьдзя Валянціна Зянкевіч вынесла 12 траўня, але падрабязнасьці справы праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя толькі цяпер. Ігара ўжо накіравалі ў псыхіятрычную лякарню ў Гайцюнішках Воранаўскага раёну.
Крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй, расказалі праваабаронцам «Вясны», што Ігара Папова затрымалі ў пачатку верасня 2022 году. Увесь гэты час яго ўтрымлівалі пад вартай у жодзінскай турме. Псыхіятрычнае экспэртнае заключэньне рыхтавалі ў дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасьля 2020 году паводле палітычных артыкулаў 17 чалавек асудзілі як асоб, якія нібыта ўчынілі небясьпечнае для грамадзтва дзеяньне. Зь іх дваім прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары са строгім наглядам.
4 жніўня 2023 году Ігара Папова ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў». Яго ўжо накіравалі на прымусовае лячэньне ў Гайцюнішкі.
Жыхару Магілёва прысудзілі 2,5 года калёніі за адпраўку «экстрэмісцкаму» мэдыя відэа з расейскай вайсковай тэхнікай
Магілёўскі абласны суд прысудзіў 2,5 года калёніі агульнага рэжыму 45-гадоваму мясцоваму прадпрымальніку Ўладзімеру Тычынскаму ў справе аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). Пра гэта паведамляе валянтэрская ініцыятыва Mayday.team.
Нагодай для справы стала відэа расейскай вайсковай тэхнікі, зьнятае Тычынскім у красавіку 2022 года і адпраўленае ім аднаму з мэдыяў, якое было прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкім».
Тычынскага затрымалі на пачатку чэрвеня. Па дадзеных Mayday.team, прапагандысцкі ролік зь яго затрыманьнем паказалі на дзяржаўным тэлеканале. У ім гаварылася, што ён «быў прыхільнікам укра-нацысцкіх фармаваньняў», а таксама «езьдзіў з украінскай нацыяналістычнай сымболікай у сваім аўтамабілі». Удакладняецца, што пад «нацыяналістычнай сымболікай» маецца на ўвазе сьцяг Украіны.