Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цана пераходу ў ЭЗ даходзіць да 10 тысяч эўра». У Польшчы заявілі, што Беларусь працягвае зарабляць на мігрантах


Фота Польскай памежнай службы
Фота Польскай памежнай службы

За дапамогу ў незаконным перасячэньні беларуска-польскай мяжы нелегальныя мігранты плацяць да 10 тысяч эўра, сьцьвярджае Памежная служба Польшчы.

«Беларусь прыцягвае замежнікаў з усяго сьвету пад мяжу з Польшчай, бо зарабляе на кожным замежніку. Цана пераходу ў Эўразьвяз даходзіць да 10 тысяч эўра», — гаворыцца ў паведамленьні Польскай памежнай службы.

19 жніўня польскія памежнікі апублікавалі чарговае відэа спробы незаконнага пераходу цераз мяжу з боку Беларусі.

«Апавяшчэньне з электроннага бар’ера дазволіла апэратыўна накіраваць памежны патруль да месца, дзе замежнік спрабаваў незаконна перасячы мяжу. Мігранты пры выглядзе патруля адступілі — заплацілі беларускаму боку за незаконны праезд праз Польшчу ў Нямеччыну ці іншыя дзяржавы ЭЗ», — паведамляе ведамства.

За мінулы дзень у Польшчу спрабавалі трапіць 123 замежнікі. Сярод іх — грамадзяне Эгіпта, Этыёпіі, Сырыі, Эрытрэі, Емэну, Ірану, Самалі.

На латвійска-беларускай мяжы затрымалі 32 чалавекі, на літоўска-беларускай спробаў нелегальнага пераходу мяжы не зафіксавалі.

Ад пачатку году зафіксавана 27045 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі: у Польшчу — 19501, Латвію — 6004, Літву — 1540.

Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць: пасьля росту на працягу вясны і зьніжэньня ў пачатку лета напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ дасягнула свайго піку ў ліпені. У студзені было папярэджана 1989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1970, сакавіку — 3401, красавіку — 3440, траўні — 4719, чэрвені — 3701, ліпені — 5054.

Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі

  • Мігранцкі крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
  • Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
  • Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
  • Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG