Меркаваны аб’ём страчанага за год (травень 2023 да траўня 2022-га) для эканомікі заробкавага фонду з прычыны адʼезду зь Беларусі IT-спэцыялістаў перавысіў 1 млрд рублёў, гаворыцца ў аналізе праекту «Нашы Грошы».
За названы пэрыяд сфэра «Інфармацыя і сувязь» пазбавілася каля 2 тысяч спэцыялістаў з заробкамі ў 6–7 тысяч рублёў, больш за 2,7 тысячы — з заробкамі 7–10 тысяч рублёў і каля 1,3 тысячы супрацоўнікаў, чые заробкі перавышаюць 10 тысяч рублёў, адзначаюць аналітыкі. Праект паведамляе гэта па выніках аналізу зьвестак Белстату.
«Разьмеркаваньне заробкаў у сфэры істотна адрозьніваецца ад разьмеркаваньня ў цэлым па краіне. Па-першае, IT-галіна, якая складае аснову „Інфармацыі і сувязі“, зьяўляецца традыцыйным лідэрам зарплатных рэйтынгаў у Беларусі. А па-другое, заробкі тут падпарадкоўваюцца міжнародным тэндэнцыям больш, чым асаблівасьцям мясцовага рынку працы», — сказана ў аналізе.
Прадстаўленыя зьвесткі даюць магчымасьць убачыць асаблівасьці адтоку спэцыялістаў пасьля 2020 году і ў 2022 годзе. Так, калі пасьля 2020 году назіралася зьніжэньне колькасьці занятых у сфэры за кошт нізка- і сярэднеаплатных катэгорый супрацоўнікаў, дык пасьля 2022 году рэзка ўзмацніўся адток высокааплатных спэцыялістаў, адзначаюць экспэрты.
На думку аналітыкаў, «ІТ-галіна цяпер у ліку найбольш пацярпелых ад наступстваў 2020 году і ўзмацненьня санкцыйнага ціску 2022 году».
Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў чэрвені, паводле зьвестак Белстату, склаў 1927,1 рубля. Больш за ўсё ў чэрвені атрымлівалі работнікі сэктара інфармацыі і сувязі — 4971,1 руб.
З пачатку 2023 году ІТ-сэктар Беларусі страчвае менш за 1000 чалавек у месяц, але сумарна за першы квартал адток спэцыялістаў выявіўся ў 5-6 разоў вышэйшы, чым за такі ж пэрыяд мінулага году, сьведчаць ацэнкі Devby.io.