Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціне Ціманоўскай дазволілі выступаць на міжнародных спаборніцтвах за Польшчу


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Былая беларуская спартоўка атрымала допуск да міжнародных спаборніцтваў, якога доўга чакала.

Цяпер Крысьціна Ціманоўская, праўдападобна, зможа паляцець у вугорскі Будапэшт на чэмпіянат сьвету ў лёгкай атлетыцы.

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі ўхваліла рашэньне пра ўдзел бягухі ў чэмпіянаце сьвету пад польскім сьцягам. Пра гэта паведаміў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, які дапамагаў Ціманоўскай.

Раней Крысьціна атрымала польскі пашпарт. Аднак у спорце дзейнічаюць іншыя правілы, у тым ліку існуе паняцьце «спартовага грамадзянства», ня тоеснага простай наяўнасьці пашпарту: ёсьць так званы «карантын», пэўны час пасьля зьмены грамадзянства. Таксама дазвол залежыць ад рашэньня міжнароднай фэдэрацыі ў канкрэтным відзе спорту.

«Гэта адбылося вельмі раптоўна, магу сказаць, што я не чакала гэтага, але вельмі шчасьлівая. Цяпер буду настройвацца, ёсьць 2 тыдні на падрыхтоўку. Паеду на зборы з польскай камандай і буду там рыхтавацца да чэмпіянату сьвету. Спадзяюся, удасца паказаць добрыя вынікі», — сказала Ціманоўская.

Такім чынам, Крысьціна Ціманоўская здолее пазмагацца і за накіраваньне на Алімпійскія гульні, што пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG