Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская звольніла Азарава і абвясьціла пра новыя прызначэньні


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Аляксандар Азараў стаў адзіным чальцом Аб’яднанага пераходнага кабінэту, які страціў свой мандат пасьля году працы. Паўнамоцтвы астатніх прадстаўнікоў кабінэту працягнулі на год.

«Я прыняла рашэньне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады ў Аб’яднаным пераходным кабінэце. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандар Азараў працягнуў працу пры кабінэце ў пляне «Перамога» і каардынаваў супрацу зь беларускім падпольлем. Такім чынам, пазыцыя прадстаўніка ў аднаўленьні правапарадку робіцца вакантнай, і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Раней Каардынацыйная рада не ўзгадніла кандыдатуру прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў аднаўленьні правапарадку Аляксандра Азарава і не рэкамэнавала падаўжаць яго прадстаўнічыя функцыі.

Камэнтуючы Свабодзе гэтае рашэньне, Азараў назваў яго вынікам «спэцапэрацыі КДБ і ФСБ».

Новыя прызначэньні Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што неўзабаве будзе прызначаны кіраўнік апарату Аб’яднанага пераходнага Кабінэту, які падасьць агульную стратэгію.

Дэмакратычныя лідэрка паведаміла, што ўзімку пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду, каб тая стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў. Перад выбарамі адбудзецца справаздача Каардынацыйнай рады.

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве прызначыла Генадзя Манько, які цягам апошняга году адказваў за супрацу Аб’яднанага пераходнага кабінэту з полкам Каліноўскага.

Маргарыта Ворахава стала дарадцай Сьвятланы Ціханоўскай ў моладзевай палітыцы і студэнцтве.

Сьвятлана Ціханоўская не абвяшчала цалкам склад Аб’яднанага пераходнага кабінэту. У выніку справаздачаў паўнамоцтвы на наступны год пацьвердзілі кіраўніку блёку «Транзыт улады» Паўлу Латушку, блёку «Замежныя справы» — Валеру Кавалеўскаму, блёку «Абарона і нацыянальная бясьпека» — Валеру Сахашчыку і блёку «Нацыянальнае адраджэньне» — Аліне Коўшык.

Вакантнымі засталіся пасады кіраўнікоў сілавога і эканамічнага блёкаў пасьля сыходу зь іх адпаведна Аляксандра Азарава і Тацяны Зарэцкай.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі — калектыўны выканаўчы орган дэмакратычных сілаў Беларусі, створаны 9 жніўня 2022 году Сьвятланай Ціханоўскай. У кабінэт, які дзейнічае ў эміграцыі з цэнтральным офісам у Вільні (Літва), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, бізнэсу і сілавога блёку Беларусі, якія прызнаюць Ціханоўскую нацыянальнай лідэркай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG