Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новы санкцыйны сьпіс ЭЗ супраць Беларусі ўвайшлі 3 прадпрыемствы і 38 фізычных асобаў. Камэнтар Офісу Ціханоўскай

абноўлена

3 жніўня сьпіс беларускіх прадпрыемстваў і асобаў, якія трапілі пад новыя санкцыі Эўразьвязу, апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЭЗ.


Сярод прадпрыемстваў пад санкцыі трапілі:

  • ААТ «Менскі электратэхнічны завод»,
  • ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»,
  • Белнафтахім.

У санкцыйным сьпісе фізычных асобаў:

  1. Аляксандар Карніенка, былы начальнік папраўчай калёніі № 17 у Шклове, быў начальнікам гэтай калёніі на момант гібелі ў ёй палітвязьня Вітольда Ашурка;
  2. Андрэй Пальчык, экс-начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
  3. Аляксандар Кароль, старшы пракурор Генпракуратуры, сярод іншага, падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачваньне ў справах супраць Нобэлеўскага ляўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў, у справах Эдуарда Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Алеся Пушкіна;
  4. Міхаіл Мурашкін, былы намесьнік кіраўніка гарадзкога аддзелу МУС у Жодзіне;
  5. Мікалай Максімовіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УВД Менскага аблвыканкаму;
  6. Пётр Арлоў, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, выносіў прысуд на «завочным судзе» Сьвятлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым фігурантам справы Каардынацыйнай рады;
  7. Руслан Машадзіеў, начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
  8. Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнай часткі папраўчай калёніі № 17 у Шклове;
  9. Сяргей Масьлюкоў, начальнік выхаўчай калёніі ў Бабруйску;
  10. Сьвятлана Бандарэнка, судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску, вынесла прысуд журналістцы Tut.by Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну за «разгалошваньне лекарскай тайны» па справе забітага Рамана Бандарэнкі;
  11. Сьвятлана Паходава, начальніца жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі;
  12. Тацяна Пірожнікава, судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску;
  13. Тацяна Гракун, старшы пракурор у пракуратуры Менскай вобласьці;
  14. Валянціна Зянкевіч, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, вынесла прысуд рэдактаркам Tut.by Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай;
  15. Яўген Бубіч, начальнік папраўчай калёніі №2 у Бабруйску;
  16. Юры Васілевіч, начальнік папраўчай калёніі № 14 у Навасадах;
  17. Раман Бізюк, пракурор Менскага гарадзкога суду, у прыватнасьці, выступаў на баку абвінавачаньня ў справе праваабаронцы Марфы Рабковай;
  18. Сяргей Хрыпач, судзьдзя Менскага гарадзкога суду;
  19. прапагандыст Вадзім Гігін, цяперашні дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, былы кіраўнік дзяржаўна-грамадзкага таварыства «Веды», дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ;
  20. прапагандыстка Ксенія Лебедзева, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»;
  21. Зiнаiда Балабалава, судзьдзя Наваполацкага гарадзкога суду;
  22. Галіна Кніжонак, судзьдзя суду Мазырскага раёну;
  23. Ганна Лявусік, судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні;
  24. Генадзь Кудласевіч, судзьдзя Іванаўскага раённага суду;
  25. Іна Паўлоўская, судзьдзя Баранавіцкага раённага суду;
  26. Аляксандар Тараканаў, судзьдзя Шклоўскага раённага суду;
  27. Дзьмітры Бубенчык, судзьдзя Гомельскага раённага суду, вынес прысуд журналістцы тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай;
  28. Алег Харошка, судзьдзя Гомельскага абласнога суду;
  29. Анастасія Бенедзісюк, прапагандыстка, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1»;
  30. Яўген Пуставы, прапагандыст, супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала СТВ;
  31. Алена Гормаш, судзьдзя суду Бабруйскага раёну і Бабруйску;
  32. Андрэй Тарасевіч, судзьдзя Глыбоцкага раённага суду;
  33. Ганна Асіпенка, судзьдзя суду Бабруйскага раёну і Бабруйску;
  34. Ірына Падкавырава, беларускі пракурор;
  35. Людміла Вашчанка, судзьдзя Глыбоцкага раённага суду;
  36. Уладзімер Давыдаў, судзьдзя Вярхоўнага суду;
  37. Вячаслаў Елісеенка, судзьдзя Докшыцкага раённага суду;
  38. Антон Каляга, сьледчы Галоўнага ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.

3 жніўня таксама набылі сілу новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне. Імі ўводзіцца дадатковая забарона «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.

26 ліпеня камітэт сталых прадстаўнікоў краін Эўразьвязу ўзгадніў увядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску «з прычыны сытуацыі ў краіне і датычнасьці Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».

Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш як год таму, у чэрвені 2022-га.

Камэнтар Офісу Ціханоўскай

У камэнтары агенцтву BNP галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што новыя санкцыі ЭЗ — важны сыгнал Лукашэнку, што беспакаранасьці ня будзе.

«Лепш позна, чым ніколі. На жаль, больш за год санкцыі супраць рэжыму блякаваліся, што ў вялікай ступені разьвязала рукі Лукашэнку, прывяло да эскаляцыі рэпрэсій, арыштаў і яшчэ большага ўцягваньня Беларусі ў вайну і расейскую арбіту», — заявіў ён.

Вячорка канстатаваў, што лабістам рэжыму на Захадзе «так і не ўдалося зьняць санкцыі з калію». Разам з тым ён лічыць, што новыя санкцыі «несувымерныя з маштабам рэпрэсій і злачынствамі рэжыму». «Але будзе працяг, ужо сёньня мы пачынаем над гэтым працаваць», — падкрэсьліў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Ён адзначыў, што санкцыі — гэта «не панацэя, а сродак для зьмены сытуацыі». «Гэта інструмэнт прыцягненьня да адказнасьці, гэта інструмэнт вызваленьня людзей з турмаў, — мяркуе Вячорка. — Санкцыі могуць дапамагчы і ў вызваленьні палітвязьняў, і ў вызваленьні Беларусі. Мы прапануем партнэрам разгледзець санкцыі супраць Расеі за падрыў сувэрэнітэту Беларусі. Над гэтым вядзецца праца».

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG