Рашэньне аб поўным закрыцьці мяжы з Беларусьсю можа быць прынятае неўзабаве, не выключае міністар разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы.
Нарастаньне пагрозы прымушае польскія ўлады «глыбока задумацца аб магчымым закрыцьці ўсіх памежных пераходаў з Беларусьсю», заявіў у інтэрвію Polsat міністар разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы Вальдэмар Буда, маючы на ўвазе інцыдэнт зь беларускімі гелікоптэрамі на польскай мяжы.
«Нарастае пэўнага роду пагроза. Перамяшчэньні „вагнэраўцаў“, паведамленьні пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў прымушаюць глыбока задумацца над гэтым», — сказаў ён.
Камэнтуючы тое, што апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы перш адмаўляла інцыдэнт і пацьвердзіла яго толькі праз 10 гадзін, Буда сказаў, што армія ад самага пачатку ведала аб здарэньні, але не паведаміла, каб ня выклікаць паніку.
«Была інфармацыя і было разуменьне, што такая сытуацыя адбылася, але таксама ня варта было чакаць, што мы раптам саб’ём гэтыя верталёты. Яны ня несьлі нейкай сурʼёзнай пагрозы. Гэта быў інцыдэнт, але добра, што за ім сачылі і нічога страшнага не адбылося», — сказаў міністар Буда.
Міністар лічыць, што інфармацыю пра такія падзеі «варта дазаваць». Паводле яго, пачынаць вайну з прычыны двух гелікоптэраў, зьбіваць іх «над галовамі жыхароў» польскія ўлады не зьбіраліся.
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі 2 жніўня зноў заявіла, што беларускія верталёты не парушалі дзяржаўнай мяжы Польшчы і што польскі верталёт 1 жніўня наблізіўся да мяжы больш за беларускія, гаворыцца ў заяве міністэрства.
Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы. Польскаму дыплямату ўказалі на неабходнасьць дыялёгу для дээскаляцыі «і без таго няпростай сытуацыі ў двухбаковых адносінах» і заклікалі «не нагнятаць сытуацыю і не выкарыстоўваць яе для мілітарызацыі памежнай прасторы», паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
- Удзень 1 жніўня жыхары памежнай Белавежы паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24.
- Пасьля першых паведамленьняў пра гэта Мінабароны Польшчы абвяргала залёт верталётаў на польскую тэрыторыю, але пазьней прызнала: два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу на вельмі малой вышыні і заляцелі на польскую тэрыторыю ў раёне Белавежы, таму радары іх не пабачылі. У ведамстве адзначылі, што беларускі бок раней праінфармаваў Польшчу аб вучэньнях.
- Пра інцыдэнт праінфармавалі NATO.
- Мінабароны Беларусі назвалі абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
- 1 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі гелікоптэрамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.