У першы дзень слуханьняў 2 жніўня выступілі прадстаўніца ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык і прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык.
На першы дзень слуханьняў не прыйшлі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў транзыце ўлады — Павал Латушка і ў аднаўленьні законнасьці і правапарадку — Аляксандар Азараў. Яны не змаглі агучыць свае справаздачы з прычыны незаплянаванай паездкі ў Кіеў.
У другі дзень свае справаздачы падаюць прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях — Вольга Гарбунова і ў міжнародных справах — Валер Кавалеўскі.
Гарбунова: Прыярытэтам павінна стаць вызваленьне палітвязьняў
Вольга Гарбунова заявіла, што на цяперашнім этапе прыярытэтам павінна стаць вызваленьне ўсіх палітвязьняў.
«Немагчыма падлічыць людзей, якія патрабуюць сацыяльнай дапамогі. Ідзецца пра дзясяткі, а, хутчэй за ўсё, пра сотні тысяч людзей, грамадзян Рэспублікі Беларусь. Страх людзей, якія застаюцца ў Беларусі, прыхоўваньне фактаў і статыстыкі дзяржаўнымі органамі, блякаваньне дзяржаўных сайтаў з-за мяжы, рэпрэсіі супраць незалежных СМІ — усё гэта не дазваляе зьбіраць дакладныя зьвесткі, аналізаваць іх і прагназаваць наступствы. Такія маштабы патрабуюць ад нас усіх кансалідацыі», — заявіла Вольга Гарбунова ў справаздачы.
Прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы паведаміла, што створаны гуманітарны пералік асобаў, якія з прычыны ўзросту (пэнсіянэры), стану здароўя, інваліднасьці патрабуюць неадкладнай мэдычнай дапамогі і павінны быць вызваленыя тэрмінова з гуманітарных прычын.
«Гэта і непаўналетнія, шматдзетныя бацькі, бацькі, якія самастойна выхоўваюць дзяцей», — дадала яна.
Вольга Гарбунова адзначыла, што праца для вызваленьня палітвязьняў ідзе ўсімі магчымымі каналамі, у тым ліку ўсярэдзіне Беларусі.
«На жаль, у гэтым пераліку ўжо няма двух прозьвішчаў — Мікалай Клімовіч меў інваліднасьць другой групы па сэрцы і памёр у калёніі праз два месяцы зьняволеньня. Алесь Пушкін меў праблемы з здароўем, схуднеў на 20 кіляграмаў і празь нясвоечасовую мэдычную дапамогу памёр ад пэрфарацыйнай язвы ў турме. Гэта сьведчыць, што мы ня маем часу на спрэчкі, на асуджэньне палітвязьняў за напісаньне заяваў на памілаваньне. Нам трэба аб’ядноўваць высілкі ўсіх структураў, якія могуць дапамагчы ў выпрацаваньні стратэгіі вызваленьня палітвязьняў і ў пошуку рэсурсаў для гэтага», — дадала Вольга Гарбунова.
Вольга Гарбунова падкрэсьліла, што для гуманітарнага вызваленьня палітвязьняў камунікуе ня толькі зь іншымі беларускімі і замежнымі ініцыятывамі, а і ўнутры Беларусі шукае кантакты, якія могуць дапамагчы вызваліць людзей.
Паводле Каардынацыйнай рады, слуханьні — дэмакратычны працэс грамадзкага кантролю дзейнасьці выканаўчай улады прадстаўнічым органам. У працоўных групах абяцаюць сабраць экспэртаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці і паважаных сяброў Каардынацыйнай рады. Разам яны маюць ацаніць сытуацыю і выпрацаваць канструктыўныя рашэньні наконт працягу дзейнасьці кожнага з прадстаўнікоў Кабінэту. Слуханьні праходзяць у Варшаве 2 і 3 жніўня.
Кавалеўскі: Беларусь мусіць зьмяніць свае вонкавыя прыярытэты
Прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі адзначыў, што ў сваёй дзейнасьці аддаваў перавагу эўрапейскім суседзям Беларусі, ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі, а таксама супрацоўніцтву зь міжнароднымі арганізацыямі — Радай Эўропы, ААН і іншымі.
«Распрацаваны плян дзеяньняў па кроках на міжнароднай арэне для абароны незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, а таксама падыходы да перагляду адносінаў з Расеяй. Гэта неабходны крок для падрыхтоўкі геапалітычнага развароту Беларусі», — заявіў Валер Кавалеўскі.
Паводле яго, расейскага агрэсія супраць Украіны абвастрыла пытаньне геапалітычнага выбару.
«Беларусь ня можа сабе дазволіць цесныя адносіны зь дзяржавай, якая дзейнічае, каб зьнішчыць наш сувэрэнітэт і сьцерці нашу нацыянальную ідэнтычнасьць. Адносіны з РФ мусяць быць цалкам перагледжаныя з мэтай ліквідацыі залежнасьці нашай краіны ад волі Крамля, і вывад расейскіх войскаў будзе толькі пачаткам гэтага працэсу», — перакананы ён.
Валер Кавалеўскі падкрэсьліў, што месца Беларусі ў эўрапейскай сям’і. Паводле яго, найбліжэйшым часам будзе прадстаўленая стратэгія дэмакратычных сіл аб эўрапейскай пэрспэктыве Беларусі.
Прадстаўнік у замежных справах паведаміў, што вынікова працуе прадстаўніцтва ў Эўропе, а найбліжэйшым часам плянуецца аднавіць місію ў Кіеве.
«Рашэньне аб прызначэньні кіраўніка — на разглядзе кіраўніцы Кабінэту», — удакладніў Валер Кавалеўскі.
Паводле яго, распрацаваны плян, каб палепшыць дачыненьні з Украінай. «Яго перадалі Ўкраіне на розных узроўнях, у тым ліку прадстаўнікам Офісу прэзыдэнта. Ён разглядаецца. Адзначу, што супраца з украінскім бокам адбываецца на розных узроўнях, і экспэртная супольнасьць у гэтым сэнсе для нас вельмі важны хаўрусьнік», — дадаў ён.
«Гандлёва-эканамічныя дачыненьні між Беларусьсю і Ўкраінай сапраўды працягваюць мець месца. Для нас гэта такая даволі балючая тэма, у тым сэнсе, што мы ўсе разумеем, што ёсьць рызыка, ёсьць той сцэнар, пры якім адносіны паміж Украінай, пасьля перамогі ў тым ліку, і Лукашэнкам могуць вярнуцца да таго стану, які быў да вайны. Нас такая пэрспэктыва турбуе, і мы ўзьнімаем гэтае пытаньне ў кантактах з нашымі ўкраінскімі партнэрамі», — паведаміў Валер Кавалеўскі.
Адказваючы на пытаньне аб тым, як у Аб’яднаным пераходным кабінэце ставяцца да прысутнасьці расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр» у Беларусі, Валер Кавалеўскі назваў гэта незаконным.
«Гэта пагроза нашай незалежнасьці. Гэта незаконная прысутнасьць замежнага вайсковага прыватнага фармаваньня на нашай тэрыторыі, якое ніяк не рэгулюецца заканадаўствам», — адзначыў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
Што такое Каардынацыйная рада
Каардынацыйная рада створаная ў Менску ў 2020 годзе. Мэтай арганізацыі было пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі і абарона яе сувэрэнітэту і незалежнасьці. Арганізацыя цярпела ад перасьледу ўладаў. Частка людзей, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі, частка выехала за мяжу, яшчэ частка спыніла палітычную дзейнасьць.
9 жніўня 2022 году было прынята рашэньне аб рэарганізацыі Каардынацыйнай рады. Асноўнай яе задачай пасьля рэструктурызацыі называлася распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі».
На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для новай Беларусі, Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і іншых арганізацыяў.
Другое скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023 г.) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР першага скліканьня (19 жніўня 2020 г.), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
Тэрмін паўнамоцтваў другога скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
Заяўлена, што дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць абіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.