Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што разьмяшчэньне вагнэраўцаў у Беларусі стварае рызыкі для бясьпекі, да якіх трэба рыхтавацца.
«Гэтаму варта надаць рэальную і абгрунтаваную ўвагу. Нам часта выкладаюць аргумэнты, маўляў, заходнія выведкі маюць вочы і ў Беларусі, і ў Расеі, бачаць усе рухі, будзьце спакойныя, тут нічога не адбудзецца зьнянацку, але рух „Вагнэра“ паказаў, што і зьнянацку нешта адбываецца», — заявіў Габрыелюс Ландсбергіс у эфіры LRT.
Паводле яго, існуе пытаньне, наколькі Расея і Беларусь увогуле могуць кантраляваць вагнэраўцаў.
«Гэта дзьве нестабільныя дзяржавы, і цяжка сказаць, наколькі яны кантралююць гэтыя прыватныя арміі і што тыя могуць нарабіць. Мы маем вельмі дакладна фармуляваць: па-першае, гэта фактар небясьпекі, па-другое, нам трэба быць да гэтага падрыхтаванымі», — патлумачыў міністар замежных справаў Літвы.
Габрыелюс Ландсбергіс падкрэсьліў, што трэба не пабойвацца разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі, а рыхтавацца да магчымых пагрозаў і ўзмацняць вайсковы патэнцыял.
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 13 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
- Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ППК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай».