Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў, што разьмяшчэньне вагнэраўцаў у Беларусі істотна не зьмяніла сытуацыю зь бясьпекай Літвы.
«Мы не зьбіраемся ўздрыгваць праз тое, што ў Беларусі зьявіліся нейкія расейскія найміты. Істотна сытуацыю ў сфэры бясьпекі для нас гэта не мяняе. Калі Расея пачала вайну супраць Украіны, уварвалася ў сувэрэнную дзяржаву, вось тады яны істотна зьмянілі сытуацыю ў сфэры бясьпекі», — сказаў Арвідас Анушаўскас у інтэрвію Deutsche Welle.
Міністар абароны Літвы дадаў, што цяпер у Беларусі няма той групоўкі расейскіх сілаў, якая налічвала 60 і больш тысяч вайскоўцаў зь лягістыкай і складамі амуніцыі перад уварваньнем ва Ўкраіну.
«Вось гэта зьмены. А тое, што зьявіліся найміты, якіх мы абагульваем назвай „вагнэраўцы“... Ведаеце, Літва, як і іншыя чальцы NATO, мае і вайсковыя, і іншыя магчымасьці гарантаваць сваю бясьпеку, нават без дапамогі сваіх хаўрусьнікаў», — патлумачыў ён.
Паводле ацэнак Арвідаса Анушаўскаса, цяпер у Беларусі знаходзяцца 2-3 тысячы расейскіх наймітаў.
«Гэта істотна сытуацыю не мяняе. Ува Ўзброеных сілах Беларусі 40 000 вайскоўцаў. Гэта істотна можа зьмяніць сытуацыю. Напрыклад, калі Беларусь рушыць свае ўзброеныя сілы на нашыя межы, тады будзе рэакцыя NATO. Але, як я і казаў, уздрыгваць праз гэтых „вагнэраўцаў“ мы не зьбіраемся», — дадаў міністар абароны Літвы.
Арвідас Анушаўскас назваў беларускую армію «малодшым братам расейскай арміі».
«І гэтым, я мяркую, усё сказана. У прынцыпе структура камандаваньня, досьвед і гэтак далей вельмі супастаўныя», — адзначыў літоўскі міністар.
«Мы сапраўды былі зьдзіўленыя такой нізкай баяздольнасьцю розных родаў войскаў. Так, Расея мае вялікія ўзброеныя сілы, яны могуць тысячамі рухацца на ўсходнім фронце ва Ўкраіне. Але, у прынцыпе, калі параўноўваць з узброенымі сіламі NATO, гэта ўжо не другая армія сьвету, а недзе там у канцы дзясяткі, калі глядзець глябальна», — мяркуе міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 13 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
- Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ППК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай».