Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Польшчы заявілі, што «штучны» мігранцкі крызіс — «частка расейскага пляна дэстабілізацыі Эўропы»


Супрацоўнікі польскай памежнай службы. Архіўнае фота
Супрацоўнікі польскай памежнай службы. Архіўнае фота

Беларусь забясьпечвае мігрантаў абсталяваньнем для пераадоленьня агароджы на польскай граніцы, напісаў намесьнік міністр-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын. Ён падкрэсьліў, што Польшча «зазнае пастаянныя напады».

Паводле Станілава Жарына, сытуацыя на мяжы Польшчы зь Беларусьсю застаецца напружанай, а напады на супрацоўнікаў польскай памежнай службы з боку груп «агрэсіўных іншаземцаў» адбываюцца кожны дзень.

«Беларускія спэцслужбы ня толькі дастаўляюць мігрантаў у памежную зону, але і даюць ім абсталяваньне для нелегальнага пераходу (лесьвіцы, балтарэзы) і штурму польскіх пагранічнікаў (камяні, цэглу, брук)», — адзначыў Жарын.

Паводле яго, «працягваецца гібрыдная апэрацыя са стымуляваным, штучным міграцыйным ціскам», і Польшча «зазнае пастаянныя напады». Жарын таксама лічыць, што гэта «частка расейскага пляна дэстабілізацыі Эўропы, у прыватнасьці, усходняга флянгу NATO».

«Характэрнай рысай расейскай гібрыднай вайны зьяўляецца ўтойваньне сапраўднага характару сваіх агрэсіўных дзеяньняў за фальшывымі прыкрыцьцямі. Але Польшча выкрыла гэтыя пагрозы і ідэнтыфікавала іх дакладна і своечасова», — заявіў Жарын.

Улады Польшчы апошнія дні часта папярэджваюць свой народ пра магчымыя правакацыі на мяжы.

Днямі прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што звыш 100 наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр» перакінулі ў раён Сувалкскага калідору.

Ён упэўнены ў тым, што за гэтай перадысьлякацыяй можа пасьледаваць чарговая гібрыдная атака на польскую тэрыторыю. Маравецкі ўспомніў, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўжо два гады правакуе Польшчу, выкарыстоўваючы мяжу і мігрантаў на ёй.

Маравецкі лічыць, што, імаверна, «вагнэраўцы» пераапрануцца ў форму беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць мігрантам нелегальна трапляць на тэрыторыю Эўразьвязу.

Ён таксама дапускае, што самі «вагнэраўцы» могуць пачаць удаваць мігрантаў, каб штурмаваць мяжу. І гэта «стварае дадатковыя рызыкі» для Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG