Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога, падобная на паразу. Што здарыцца, калі Ўкраіне давядзецца зьмірыцца са стратай тэрыторый


Урха Кеканэн, Леанід Брэжнеў, Уладзімір Пуцін, Уладзімір Зяленскі. Каляж
Урха Кеканэн, Леанід Брэжнеў, Уладзімір Пуцін, Уладзімір Зяленскі. Каляж

​​​​​​​Тое, што Ўкраіна здолела адстаяць сваю незалежнасьць і ня вернецца да васальнай залежнасьці ад Масквы, відавочна ўжо сёньня. Тое, ці ўдасца ёй адваяваць усе акупаваныя тэрыторыі, пакуль пад пытаньнем: на фронце працяглы час захоўваецца хісткая раўнавага.

У гісторыі часта здаралася, што ў падобных сытуацыях ахвярам агрэсіі даводзілася мірыцца з пэўнымі тэрытарыяльнымі стратамі на карысьць больш моцнага суперніка, каб захаваць галоўнае — сваё незалежнае існаваньне, а значыць, і ўласную будучыню як сувэрэннай дзяржавы.

Летні ўкраінскі контранаступ, на які многія ўскладалі столькі надзеяў і чаканьняў, пакуль што разгортваецца ня тымі тэмпамі і прыносіць ня тыя вынікі, на якія разьлічвалі стратэгі, якія яго плянавалі і распачыналі. Ці то здольнасьці і магчымасьці ўкраінскай арміі былі перабольшаныя, ці то ўменьне і гатовасьць расейцаў трымаць абарону недаацанілі. Але факт застаецца фактам: лінія фронту ў прычарнаморскіх стэпах і на Данбасе на працягу двух месяцаў контранаступу калі і рухаецца, то ледзь прыкметна. Прынамсі, каб заўважыць гэты рух на геаграфічнай мапе, трэба ўзброіцца мапай буйнога маштабу, бо ў апэратыўных зводках з фронту на працягу многіх тыдняў і месяцаў фігуруюць не буйныя прамысловыя цэнтры, а паселішчы кшталту Кляшчыеўкі, Андрэеўкі і Курдзюмаўкі. І нішто не паказвае на тое, што ў блізкай будучыні можа адбыцца пералом і ўкраінскія войскі раптам апынуцца на беразе Азоўскага мора ці ў Крымскіх гарах.

Наступствы выбуху на мосьце. якія Расея пабудавала ў анэксаваны Крым. 8 кастрычніка 2022
Наступствы выбуху на мосьце. якія Расея пабудавала ў анэксаваны Крым. 8 кастрычніка 2022

Пакуль што ў Кіеве надзвычай балюча ўспрымаюць любыя намёкі на магчымую няўдачу контранаступу ці верагоднасьць замірэньня з Расеяй на ўмовах, пры якіх яна не вярнула б усе акупаваныя тэрыторыі, уключна з Крымам. Кожны, хто адважваецца гаварыць пра такое, як правіла, залічваецца ў здраднікі і варожыя агенты. Ваенныя няўдачы найчасьцей сьпісваюцца на недастатковыя пастаўкі Захадам сучаснай зброі, неспрыяльнае надвор’е, адсутнасьць сучаснай баявой авіяцыі... Вось зьявяцца новыя дальнабойныя ракеты, сучасныя самалёты-зьнішчальнікі, новыя заходнія танкі ў вялікай колькасьці — тады ўжо...

Зруйнаваны расейскай ракетай праваслаўны сабор у Адэсе, 23 ліпеня 2023
Зруйнаваны расейскай ракетай праваслаўны сабор у Адэсе, 23 ліпеня 2023

Здарыцца падчас вайны, вядома, можа рознае. Але пакуль што на працягу ўжо амаль года (з часу пераканаўчых украінскіх перамог пад Харкавам і Херсонам) лінія фронту вагаецца ледзь-ледзь. І не пакідае ўстойлівае ўражаньне, што баявыя здольнасьці дзьвюх варожых армій сувымерныя, што ў сваім зацятым супрацьстаяньні яны дасягнулі раўнавагі. І цяпер толькі пытаньне часу, калі генэралы і палітыкі з абодвух бакоў дасьпеюць да ўсьведамленьня таго, што як адны ня ў стане дайсьці да Кіева і Львова, так і другія ня здольныя выйсьці на межы 1991 года. І што рана ці позна давядзецца сядаць за стол перамоваў і заканчваць вайну. Нават калі пры гэтым давядзецца ад нечага адмовіцца.

Такія падобныя войны

Перамогі часам бываюць падобнымі на паразы. Асабліва калі размова ідзе пра войны, у якіх сілы бакоў першапачаткова несувымерныя, а былая імпэрская ўскраіна ў справядлівым супрацьстаяньні з агрэсарам спрабуе адстаяць сваю незалежнасьць. І тут, гаворачы пра цяперашнюю вайну ва Ўкраіне, цяжка абысьціся без паралеляў з савецка-фінскай вайной 1939–1940 гадоў. Падабенства надзвычай шмат. Тая ж самаўпэўненасьць імпэрыі, якая імкнецца аднавіць кантроль над страчанай некалькі дзесяцігодзьдзяў таму былой нацыянальнай правінцыяй; той жа гераічны і ўпарты супраціў народу, які не пажадаў страціць незалежнасьць; падобная рэакцыя цывілізаванага сьвету, які ўсяляк дапамагае ахвяры зброяй і дыпляматычнай падтрымкай, але не наважваецца на адкрытае сутыкненьне з агрэсіўнай і непрадказальнай Масквой. Чаму б не меркаваць, што і фінал гэтых дзьвюх войнаў можа быць падобным?

Целы савецкіх вайскоўцаў і падбітая тэхніка пасля разгромнага нападу фінаў на калону Чырвонай арміі ў студзені 1940
Целы савецкіх вайскоўцаў і падбітая тэхніка пасля разгромнага нападу фінаў на калону Чырвонай арміі ў студзені 1940

Агульнапрынята лічыць, што «фінская» вайна скончылася для Сталіна няўдала. Гэта праўда, але ня ўся. Так, маскоўскі рэжым не дасягнуў сваёй галоўнай мэты: Фінляндыя ня стала савецкай рэспублікай, не была акупавана Савецкім Саюзам. Але фактычна яна ўсё ж пацярпела ваенную паразу — з усімі адпаведнымі стратамі, у тым ліку тэрытарыяльнымі. І страты гэтыя былі адчувальнымі.

Агулам паводле падпісанай у Маскве 12 сакавіка 1940 года мірнай дамовай Фінляндыя вымушана была перадаць СССР каля 40 тыс. квадратных кілямэтраў (11% тэрыторыі краіны), дзе выраблялася 11% ВУП і да вайны жыло 12% насельніцтва. Каля 430 тысяч фінскіх грамадзянаў пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў сталі вымушанымі перасяленцамі: пакінулі свае дамы на акупаваных Савецкім Саюзам тэрыторыях і падаліся ўглыб краіны.

Наступствы савецкіх абстрэлаў фінскіх гарадоў. 1940
Наступствы савецкіх абстрэлаў фінскіх гарадоў. 1940

Для Фінляндыі гэтыя страты былі вельмі сур’ёзнымі. На перададзеным СССР Карэльскім перашыйку да вайны жылі больш як 200 000 чалавек. Гэта быў адзін з найбольш населеных і эканамічна разьвітых рэгіёнаў краіны, з буйнымі гарадамі Вііпуры (цяпер Выбарг) і Кякісалмі (цяпер Прыазёрск). Для паўночнай краіны з суровым кліматам страчаныя на самым поўдні землі былі ледзь не адзіным буйным земляробчым рэгіёнам з наладжанай вытворчасьцю збожжа і гародніны (255 тыс. гектараў ворыўных земляў).

На страчаных тэрыторыях налічвалася 227 вялікіх і малых прадпрыемстваў, у тым ліку адзін з найбуйнейшых у гэтай частцы Эўропы цэлюлёзны камбінат «Enso-Gutzeit Oy» і 19 электрастанцый (адна з самых магутных — ГЭС Энсо-Гутцэйт).

У дадатак да ўсяго, пасьля Другой сусьветнай вайны (у якой Фінляндыя вымушана апынулася на баку Нямеччыны, а таму пацярпела паразу) СССР яшчэ забраў больш як 10 тыс. квадратных кілямэтраў на самай поўначы разам з горадам Пэтсама (цяпер Печанга), такім чынам пазбавіўшы краіну выхаду да Баранцава мора.

Адкупіцца ад «чырвонай імпэрыі»

Для маленькай Фінляндыі гэта першапачаткова выглядала як катастрофа. Але, як паказаў досьвед наступных пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў, сапраўдным пераможцам была менавіта яна, а не Савецкі Саюз, які акупаваў ейныя тэрыторыі. Атрымаўшы ў выніку акупацыі найлепшыя фінскія землі з разьвітай сельскай гаспадаркай і прамысловасьцю, СССР умудрыўся ператварыць іх у адсталыя дэпрэсіўныя рэгіёны, дзе колішнія сельскагаспадарчыя палеткі зарастаюць кустоўем і лесам, а насельніцтва сьпіваецца альбо ўцякае ад беспрацоўя і безнадзейнасьці. Чаму так атрымалася? Змушана аддаючы імпэрыі свае тэрыторыі, Фінляндыя забрала адтуль галоўнае і самае каштоўнае — уласных грамадзянаў. Акупант заняў практычна бязьлюдныя землі. Пакідаючы радзіму, мясцовыя фіны забіралі з сабой усё, што маглі вывезьці: быдла, інвэнтар, машыны і абсталяваньне.

Фінская збоная на Алімпіядзе 1952 году
Фінская збоная на Алімпіядзе 1952 году

На новых тэрыторыях СССР будаваў тое, што лічыў для сябе найбольш важным: вайсковыя базы і гарадкі, іншую вайсковую інфраструктуру. Грошай на аднаўленьне прамысловасьці альбо падтрыманьне ў гэтым рэгіёне сельгасвытворчасьці не хапала. А тое нямногае, што выдаткоўвалася, калгасная сыстэма марнавала, як і паўсюль у Савецкім Саюзе.

А Фінляндыя ўсёй сваёй пасьляваеннай гісторыяй даказала, што страта нават вельмі значных тэрыторый не трагедыя, калі краіна здолела захаваць свабоду, незалежнасьць і свой чалавечы патэнцыял. Па сутнасьці адкупіўшыся ад «чырвонай імпэрыі», пазьбегнуўшы саветызацыі, камунізацыі, калектывізацыі ды іншых атрыбутаў агрэсіўнага суседа, маленькая Фінляндыя на ўласным досьведзе даказала простую ісьціну: пасьпяховасьць, заможнасьць дзяржавы залежаць у першую чаргу не ад тэрыторыі, не ад мільёнаў квадратных кілямэтраў захопленых земляў, а ад зусім іншых рэчаў. Захоўваючы цесныя адносіны з Захадам, яна атрымлівала адтуль інвэстыцыі і тэхналёгіі. І актыўна гандлявала з СССР: купляла там па выгадных цэнах паліва, мэталы, драўніну, а пастаўляла на ўсход пераважна тэхніку, абсталяваньне, «шырспажыў». Маючы добрыя адносіны з Масквой, маленькая Фінляндыя стала найбуйнейшым гандлёвым партнэрам СССР сярод несацыялістычных краін. Такі курс быў настолькі выгадным, што колішняя аграрна-лясная Фінляндыя вельмі хутка правяла індустрыялізацыю і ў сярэдзіне 70-х дасягнула таго ж узроўню жыцьця, што і краіны Заходняй Эўропы.

Міністар замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста (зьлева), генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг (у цэнтры) і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас перадачы дакумэнтаў аб уступленьні Фінляндыі ў NATO. Брусэль, 4 красавіка 2023
Міністар замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста (зьлева), генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг (у цэнтры) і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас перадачы дакумэнтаў аб уступленьні Фінляндыі ў NATO. Брусэль, 4 красавіка 2023

Тыя савецкія людзі, якім у 70-80-я гады зь вялікімі цяжкасьцямі ўдавалася «дастаць» турпуцёўку ў Фінляндыю, вярталіся адтуль агаломшанымі ад убачанага. Тое, што ў СССР лічылася раскошай і дэфіцытам, у Фінляндыі было агульнадаступным. Вонкавы выгляд фінскіх гарадоў і вёсак шакаваў савецкага чалавека чысьцінёй, дагледжанасьцю, камфортам, выдатнымі дарогамі і прыгожымі будынкамі. І імгненна абнуляў усе намаганьні камуністычных ідэолягаў даказаць «перавагі сацыялізму». Якія гэта перавагі, было відаць, як толькі перасякаеш савецка-фінскую мяжу.

Шанцы на вяртаньне

Ці застануцца ва Ўкраіны шанцы на тое, каб вярнуць страчаныя землі, у выпадку, калі яны застануцца пад кантролем Расеі? Наступствы савецка-фінскай вайны і тут даюць пэўныя падказкі.

З таго часу, як Фінляндыя страціла свае колішнія ўсходнія і паўночныя тэрыторыі, мінула больш як 70 гадоў. Ці застаецца надзея вярнуць страчанае і ці рабіліся такія спробы?

Гэта тэма была актуальнай у першыя пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі, калі яе падымалі тыя сотні тысяч вымушаных перасяленцаў, якія пакінулі ў Карэліі ў выніку вайны сваё жытло і маёмасьць. Існуе шмат сьведчаньняў таго, што падчас «халоднай вайны» тагачасны прэзыдэнт Фінляндыі Урха Кеканэн спрабаваў весьці пра гэта неафіцыйныя размовы са сваімі крамлёўскімі сябрамі Леанідам Брэжневым і Аляксеем Касыгіным. Але без асаблівага плёну. Афіцыйна пры гэтым Хэльсынкі ніякага перагляду пасьляваенных межаў не патрабаваў.

Прэзыдэнт Фінляндыі Урха Калева Кеканэн і першы сакратар Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Мікіта Хрушчоў
Прэзыдэнт Фінляндыі Урха Калева Кеканэн і першы сакратар Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Мікіта Хрушчоў

Новае акно магчымасьцяў адкрылася з пачаткам перабудовы ў СССР. Паводле сьведчаньняў некаторых тагачасных фінскіх дыпляматаў, Гарбачоў нібыта гатовы быў весьці перамовы аб продажы і далучэньні пэўных раёнаў Карэліі да Фінляндыі — пры ўмове шчодрага фінансаваньня з боку Хэльсынкі заняпалай савецкай эканомікі. Аднак на афіцыйным узроўні такія перамовы не вяліся.

Калі ў 2000 годзе тагачасная прэзыдэнтка Фінляндыі Тар’я Халанэн прыехала ў Маскву і падчас прэсавай канфэрэнцыі адзін зь фінскіх журналістаў задаў Пуціну пытаньне пра лёс Карэліі, адказ тады яшчэ маладога расейскага прэзыдэнта быў ляканічны: «Тэрытарыяльнае пытаньне для нас вырашана і закрыта канчаткова». Пры Пуціну размоў пра вяртаньне захопленага быць ужо не магло.

Увогуле, яшчэ пры камуністах пасьля таго, як стала відавочна, што плянаваная Фінляндзкая ССР на мапе Савецкага Саюзу так і ня зьявіцца, Масква вельмі хутка пачала згортваць усе заляцаньні зь фінскай і этнічна блізкай да яе карэльскай нацыянальнымі мяншынямі. У 1956 годзе была зьліквідавана Карэла-Фінская ССР: замест яе стварылі Карэльскую АССР у складзе РСФСР, ніжэйшую статусам. Колькасьць фінаў і карэлаў у ёй няспынна скарачалася ўсе пасьляваенныя гады (часткова карэлы і фіны зьяжджалі ў Фінляндыю, часткова запісваліся ў расейцы). Паводле апошняга перапісу, прадстаўнікоў тытульнай нацыі ў Рэспубліцы Карэліі ўсяго 7,4 працэнта, фінаў — 1,4 працэнта.

Карэльская мова ў Карэліі не зьяўляецца дзяржаўнай. Ніводнай школы з выкладаньнем на карэльскай мове не засталося. Нідзе ў справаводзтве яна не выкарыстоўваецца. Сама мова як асобны прадмет яшчэ сям-там выкладаецца, але колькасьць вучняў, якія маюць такія ўрокі, вымяраецца 1-2 працэнтамі ад агульнай колькасьці ўсіх навучэнцаў. Фінская мова выціснутая адусюль практычна цалкам. Такім чынам, ідэйная база карэла-фінскага сэпаратызму вынішчаная, цалкам у рэчышчы імпэрскай палітыкі Расеі. Пры гэтым расейская Карэлія — адзін з самых дэпрэсіўных рэгіёнаў РФ, дзе сьмяротнасьць удвая перавышае нараджальнасьць. Нават ня верыцца, што побач, праз памежную агароджу — адна з самых пасьпяховых краін Эўразьвязу, у народу якой з карэламі — стагодзьдзі агульнага гістарычнага лёсу.

У той частцы Ўкраіны, якая апынулася пад расейскай акупацыяй, ужо сёньня адбываецца нешта падобнае: татальная русыфікацыя і вынішчэньне ўсяго ўкраінскага. І калі Расеі ўдасца ўтрымаць гэтыя землі пад сваім кантролем, там адбудзецца з украінцамі і іхнай мовай і культурай тое ж, што з мовай і культурай карэлаў у Карэліі.

Зьменлівыя межы

Межы краінаў на розных кантынэнтах рэдка застаюцца нязьменнымі больш чым некалькі дзесяцігодзьдзяў. Нават калі параўнаць сёньняшнюю палітычную мапу Эўропы з мапай 50-гадовай даўнасьці: перамены, якія адбыліся за гэты час, уражваюць. Больш за дзясятак новых незалежных дзяржаў, абсалютна іншыя абрысы дзяржаўных межаў, зусім іншы геапалітычны расклад... Так адбывалася на працягу ўсёй гісторыі — і адбываецца цяпер. Хада гісторыі нясьпешная, але цьвёрдая і няўхільная.

Страчвалі частку сваіх тэрыторый многія краіны, у тым ліку ў Эўропе. І адбывалася гэта ва ўсе часы, у тым ліку і параўнальна нядаўна.

Малдова ўжо больш за трыццаць гадоў існуе без Прыднястроўя — часткі сваёй тэрыторыі на левым беразе Днястра, якую кантралююць сэпаратысты пры падтрымцы Масквы. Гэта больш як 12% тэрыторыі краіны. Нягледзячы на гэта, Малдова прэтэндуе на сяброўства ў Эўразьвязе і NATO.

Ціраспаль у Прыднястроўі, 2019
Ціраспаль у Прыднястроўі, 2019

Падобная сытуацыя ў Грузіі. Абхазія не падпарадкоўваецца цэнтральнай уладзе з пачатку 90-х гадоў, Паўднёвая Асэтыя — з 2008-га. Тбілісі не кантралюе каля 20 працэнтаў тэрыторыі колішняй Грузінскай ССР. Але нават у такім усечаным выглядзе Грузія пакрысе рухаецца ў рэчышчы эўраінтэграцыі.

Кіпр прызнаецца міжнароднай супольнасьцю як адзіная дзяржава, хоць з 1974 года падзелены на дзьве часткі (грэцкую і турэцкую), якія амаль ніяк не зьвязаныя паміж сабой. Гэта не перашкодзіла Рэспубліцы Кіпр, якая не кантралюе больш за 30% тэрыторыі вострава, стаць сябрам Эўразьвязу і ўступіць у зону эўра.

Можна таксама згадаць параўнальна сьвежыя прыклады Азэрбайджана (Нагорны Карабах) і Сэрбіі (Косава), якія ў сваёй нядаўняй гісторыі таксама сутыкаліся зь няўстойлівасьцю дзяржаўных межаў і вымушанай стратай тэрыторый.

Будынак Савета міністраў Абхазіі, які згарэў падчас грузіна-абхазскай вайны ў 1992—1993 гадах. Сухум. 11 сакавіка 2017
Будынак Савета міністраў Абхазіі, які згарэў падчас грузіна-абхазскай вайны ў 1992—1993 гадах. Сухум. 11 сакавіка 2017

Узіраючыся ў засмужаную будучыню Ўкраіны і ўсяго постсавецкага рэгіёна, міжволі азіраесься на досьвед усіх гэтых краін. Зыход вайны можа быць розным, асабліва ў супрацьстаяньні з імпэрыяй. Але, як сьведчыць гісторыя, нават страта часткі тэрыторыі для краіны не трагедыя, калі з вайны народ гэтай краіны выходзіць як згуртаваная і аб’яднаная агульнымі каштоўнасьцямі нацыя.

Імпэрыі рэдка адпускаюць са сваіх жалезных абдымкаў, не спагнаўшы за гэта цяжкой, а часам і крывавай платы. Гэта датычыць і ўкраінцаў, і літоўцаў, і беларусаў, ды і фактычна ўсіх іншых народаў былога СССР, якія хто хутчэй, хто марудней намацваюць уласны шлях да сапраўднай незалежнасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG