Выведнае ўпраўленьне Міністэрства абароны ЗША заявіла, што «няма падставаў сумнявацца» ў тым, што Расея, як сьцьвярджаў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, сапраўды разьмясьціла тактычнае ядзернае ўзбраеньне ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на неназваных высокапастаўленых супрацоўнікаў упраўленьня, якія пагутарылі з журналістамі.
Пуцін заявіў аб тым, што ядзерная зброя ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у мінулым месяцы. Афіцыйна прадстаўнікі краінаў Захаду пакуль не пацьвярджалі — і не аспрэчвалі — гэтыя сьцьвярджэньні.
Раней у гэтым месяцы прадстаўнікі выведніцкай супольнасьці ЗША паведамлялі CNN, што, паводле іх зьвестак, у Беларусі не вядуць ніякіх работ па збудаваньні сховішчаў для тактычнай ядзернай зброі. Аб іх збудаваньні да ліпеня гаварылі Пуцін і беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка. Аднак у амэрыканскай выведцы прызнаюць, што на беларускай тэрыторыі ёсьць аб’екты, якія засталіся з савецкіх часоў, якія маглі б выкарыстоўваць для захоўваньня ядзерных зарадаў.
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес на мінулым тыдні, адказваючы на пытаньне CNN, ці бачыў ён прыкметы таго, што Расея перамясьціла ядзерную зброю ў Беларусь, сказаў, што Вялікая Брытанія «бачыла прыкметы гэтага прагрэсу» і адзначыў, што Пуцін «не заўсёды хлусіць».
Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі таксама падкрэсьлілі, што, паводле іх зьвестак, Расея будзе ажыцьцяўляць поўны кантроль над разьмешчанымі ў Беларусі ядзернымі зарадамі. Перадача зброі пад кантроль Менску была б парушэньнем абавязацельстваў Расеі па Дамове аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.
Колькі менавіта ядзерных зарадаў будзе разьмешчана ў Беларусі — невядома. Паводле зьвестак Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў, агулам Расея мае каля 4477 разгорнутых і рэзэрвовых ядзерных боегаловак, у тым ліку каля 1900 адзінак тактычнай ядзернай зброі.
ЗША асудзілі разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Амэрыканскія прадстаўнікі сьцьвярджаюць, што ня бачаць узрастаньня рызыкаў яго прымяненьня і на цяперашні момант ня маюць намеру мяняць ядзерную стратэгію ЗША або ступень боегатоўнасьці амэрыканскіх ядзерных сіл.