На дыскусіі «Разгортваньне ядзернай зброі ў Беларусі і яго наступствы для рэгіянальнай бясьпекі» выступілі намесьнік дзяржсакратара ЗША ў 2019–2021 гадах Стывен Біган, дырэктар Эўразійскага цэнтру Атлянтычнай рады, амбасадар ЗША ва Ўзбэкістане (2000–2003) і Ўкраіне (2003–2006) Джон Гэрбст, старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы (з 2022 году), дарадца канцлера ФРН Ангелы Мэркель у пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі (2005–2017), пастаянны прадстаўнік ФРН у ААН (2017–2021) Крыстаф Гойсген.
Паводле сьпікераў, адсутнасьць актыўнай публічнай пазыцыі Захаду ў пытаньні разьмяшчэньня ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі не азначае, што яго гэта не турбуе. Агулам прыходзіць разуменьне важнасьці Беларусі для вырашэньня рэгіянальнага крызісу, безь яе гэта немагчыма.
Сьвятлана Ціханоўская адзначыла тры магчымыя наступствы разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі:
- яна робіцца мішэньню для ўдару ў адказ;
- замацоўваецца расейская вайсковая і палітычная прысутнасьць у Беларусі;
- ядзерная зброя як траянскі конь — Расея можа выкарыстаць клопат пра яе, каб, напрыклад, паслаць дадатковыя войскі.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі зноў заклікала правесьці паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, каб абмеркаваць сытуацыю зь ядзернай зброяй, падняць гэтае пытаньне на Генэральнай асамблеі ААН, увесьці санкцыі супраць Расеі за разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі.
«Мы сутыкнуліся зь вельмі небясьпечным ворагам — расейскай імпэрыяй. Але на нашым баку беларускі народ. З нашым трагічным гістарычным досьведам мы, беларусы, ведаем сапраўдную цану міру. Гэта ўсё, чаго мы можам жадаць. Але мы таксама ведаем, што з тыраніяй ня можа быць мірнага суіснаваньня. Мір без свабоды — гэта рабства, а не мір. Спадзяёмся, што разам з украінцамі мы здабудзем свабоду і пазбавімся ад расейскіх кіпцюроў. Ніякая зброя ня можа забіць наша жаданьне быць свабоднымі», — заявіла Ціханоўская.
Як паведаміў BPN галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту.