Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас і танчаць, і сьпяваюць, і малююць, і ўсё адразу». Музэю Вольнай Беларусі ў Варшаве споўніўся год


У двары Музэю Вольнай Беларусі. Варшава, 2023
У двары Музэю Вольнай Беларусі. Варшава, 2023

Паразмаўлялі з кіраўніцай праекту Натальля Задзяркоўскай пра вынікі працы і складанасьці, зь якімі давялося сутыкнуцца. Даведаліся, што натхняе і дае сілы працаваць далей, а таксама што ў плянах.

«Канцэпцыя клясычнага музэю пашырылася»

Натальля Задзяркоўская адказная за сацыяльна-культурныя пытаньні ў «Народным антыкрызісным упраўленьні» і кіраўніца праекту «Музэй Вольнай Беларусі».

Натальля Задзяркоўская
Натальля Задзяркоўская

Ідэя стварыць такую ўстанову зьявілася яшчэ ў 2021 годзе, калі былі сьвежыя ўспаміны пра беларускія пратэсты 2020-га, кажа Натальля.

«Мы абмяркоўвалі, якія каштоўныя прадметы і цікавыя рэчы былі падчас пратэстаў. І тады гэта былі нібыта штодзённыя рэчы, а для гісторыі беларускага шляху да дэмакратыі, гісторыі Беларусі агулам гэта вельмі каштоўна. Пройдзе час, і гэта ўсе зразумеюць. Мы падумалі, што нядрэнна было б аб’явіць збор, сабраць такія прадметы і іх захоўваць. Гэтая думка адначасова зьявілася ў некалькіх людзей, таму мы вырашылі яе рэалізаваць».

Каля году давялося чакаць памяшканьне музэю, а калі яго атрымалі, то канцэпцыя праекту пашырылася, кажа кіраўніца.

«Бо пляцоўка ў цэнтры Варшавы аказалася вельмі запатрабаванай творчымі людзьмі. Спачатку вырашылі рабіць традыцыйную статычную экспазыцыю, але гэтая пляцоўка жывая, у ёй ня толькі зьбіраюцца прадметы, але даецца магчымасьць нашым рэпрэсаваным творцам у вымушанай міграцыі сябе рэалізоўваць».

Таксама музэй запрацаваў як грамадзка-палітычная пляцоўка.

«У нас фактычна ўсе дэмакратычныя сілы, якія працуюць на Беларусь, пабывалі ў гасьцях са сваімі імпрэзамі, сустрэчамі. Першапачатковая канцэпцыя клясычнага музэю пашырылася, і вось мы год у гэтых трох кірунках неяк рухаліся».

Натальля Задзяркоўская ў Музэі Вольнай Беларусі
Натальля Задзяркоўская ў Музэі Вольнай Беларусі

Таксама першапачаткова плянавалі зьбіраць экспанаты 2020-га, але храналягічныя рамкі пашырылі, кажа Натальля.

«2020 год не зьявіўся на пустым месцы, да нас там працавала вялікая колькасьць людзей, былі героі, хтосьці яшчэ працягвае барацьбу, а нехта ад яе адышоў, шмат імёнаў, падзей, рэчаў, якія сьведчаць таксама пра нялёгкі шлях Беларусі да дэмакратыі. І цяпер тое, што ў нас ёсьць да 2020-2021, — гэта рэплікі, але ўсё адно яны каштоўныя».

Калі адбудзецца перамога дэмакратыі, экспанаты хочуць перавезьці ў Беларусь.

«Гэта будзе ці асобны музэй, ці частка фонду Нацыянальнага гістарычнага музэю. А тут (зразумела, што шмат хто застанецца зь беларусаў у Польшчы і ня вернецца) для іх будзе такая беларуская пляцоўка, дзе будуць копіі матэрыялаў і экспанатаў».

Паказ квэст-казкі «Музэй Чароўнай Беларусі, ці Шукаем Зюзю разам» У варшаўскім Музэі Вольнай Беларусі
Паказ квэст-казкі «Музэй Чароўнай Беларусі, ці Шукаем Зюзю разам» У варшаўскім Музэі Вольнай Беларусі

«Людзі моцна рэагуюць»

За год у музэі штотыднёва праводзілі ня меней за тры-чатыры падзеі. Ёсьць і калектывы, якія робяць нешта на пастаяннай аснове.

«Напрыклад, Беларуская школа традыцыйнай культуры: яны ў нас танчаць, гэта вельмі цікава. Варшаўскі вольны аркестар рэпэтуе, Беларускі свабодны тэатар паказвае свае пастаноўкі. Зьявіліся пастаянныя партнэры. Для мяне каштоўная ня так колькасьць мерапрыемстваў, а тое, што яны розныя. Прастора выдатная як галерэя, падабаецца мастакам, праводзяць у нас тэатральныя паказы; невялічкія камэрныя аркестры і ўнутры галерэі, і ў дворыку канцэртныя праграмы рабілі. Карацей, у нас і танчаць, і сьпяваюць, і малююць, і ўсё адразу».

Музэйная частка, пастаянная экспазыцыя заўжды цікавая тым, хто зь Беларусі апынаецца праездам у Варшаве.

«Для нас ужо так звыкла, што вось стаіць бчб-сукенка, сьцягі, мы можам сабе дазволіць глядзець на гэта кожны дзень, а калі людзі прыяжджаюць з Беларусі, яны заходзяць — і такія ўражаныя! Плакала адна дзяўчына. Яны ня маюць магчымасьць бачыць гэта ўсё, а яно ўсё ў памяці, было нядаўна, і так людзі моцна рэагуюць, вельмі каштоўна гэта. І шкада, што гэта пакуль магчыма толькі тут».

Інсталяцыя ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве, 2023
Інсталяцыя ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве, 2023

«Дапамога людзей звонку дае магчымасьць у такім актыўным напружаным рэжыме працаваць»

На гэты момант музэй не фінансуецца ніводным эўрапейскім культурным фондам.

«У нас ёсьць дапамога ад прыватнай асобы, мы вельмі ўдзячныя. Таксама данаты ад нашых наведнікаў. Цяпер мы крыху камэрцыялізуемся, невялічкую плату, адсотак бяром ад тых мерапрыемстваў, што праходзяць у нас, яны дапамагаюць гэтым музэю. Уваход на імпрэзы ў асноўным бясплатны, але калі прыходзяць тыя ж самыя польскія партнэры, то так, мы працуем на платнай аснове».

У камандзе праекту працуе шмат валянтэраў.

«Ёсьць кіраўнік, выканаўца праекту, ёсьць дзяўчына Алена, якая з самых першых дзён у якасьці валянтэркі была побач і застаецца, выконвае адміністрацыйныя функцыі што да залі. Два чалавекі дапамагаюць у свой вольны час за невялікія грошы з тэхнічным забесьпячэньнем і вядзеньнем сацыяльных сетак. З валянтэраў хтосьці стаміўся, адышоў, але зьяўляюцца новыя людзі, прапануюць самі дапамогу. Вось зусім нядаўна пачалі супрацу з суполкай былых палітвязьняў: ім цікава, я бачу такую добрую пэрспэктыву для супрацоўніцтва, яны адкрытыя, у іх ёсьць жаданьне нешта рабіць».

Нядаўна ў музэі рабілі касмэтычны рамонт — і гэта таксама была прапанова і дапамога валянтэраў.

«Дапамога людзей звонку дае магчымасьць у такім актыўным і напружаным рэжыме працаваць. Але, папраўдзе, людзей не хапае, бракуе рук, а ў тых, хто ёсьць, не стае на гэта ўсё часу фізычна. Я спадзяюся, што будзе магчымасьць пашырыцца».

Істаляцыя пра Полк Каліноўскага ў Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве
Істаляцыя пра Полк Каліноўскага ў Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве

«Ворагаў, здаецца, не нажылі, а сяброў вельмі шмат»

Натальля прызнаецца, што пры такой вялікай колькасьці людзей, якія супрацоўнічалі з музэем, была толькі пара непрыемных сытуацый.

«Было такое ўспрыманьне музэю як бясплатнай пляцоўкі, на якой можна што заўгодна. Спажывецкае стаўленьне. Мы тады правялі мерапрыемства, але зразумелі, што больш ня будзем, бо без павагі да тых, з кім супрацоўнічаеш, ніякага выніку ня будзе. Таксама быў выпадак, калі мы адмовілі чалавеку, бо было пачуцьцё, што яму ўсе павінныя. Мы не адразу адказалі неяк на паведамленьне, і ён пачаў пісаць, што мы мусім адказаць у адпаведнасьці з законам аб зваротах грамадзян Рэспублікі Беларусь у двухтыднёвы тэрмін», — усьміхаецца Натальля.

Большасьць сувязяў і кантактаў станоўчых.

«Ворагаў, здаецца, не нажылі, а сяброў вельмі шмат. Большасьць зносінаў станоўчыя: цудоўныя, клясныя людзі, якіх радасна бачыць, на вуліцы яны пазнаюць. А так, вядома, бывалі нейкія моманты, калі ведаеш завочна чалавека, а потым расчароўваесься».

Натальля Задзяркоўская
Натальля Задзяркоўская

«Бел-чырвона-белы парасон прывезла жанчына зь Беларусі»

Кіраўніца праекту прызнаецца, што ёй прыдаюць сіл і натхняюць на працу людзі.

«Калі фізычна адчуваеш ад іхную ўдзячнасьць, моцныя эмоцыі ад таго, што яны бачаць. Калі мы рабілі інсталяцыю з партрэтамі палітвязьняў, мы проста прадставілі памяшканьне тады, запрасілі на прэзэнтацыю дыпляматычны корпус, былі амбасадары эўрапейскіх краін, іхныя памочнікі. І адна справа, калі яны ўсе ведаюць беларускія навіны, але калі яны паглядзелі на гэтую велізарную колькасьць фатаздымкаў, калі да іх зьвярталіся непасрэдна людзі, якія праз усё гэта прайшлі, то гэта зусім іншая справа. Дыпляматы вельмі былі ўражаныя, і гэта было важна для тых палітвязьняў.

Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве, Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве, Інсталяцы з партрэтамі палітзьняволеных
Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве, Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве, Інсталяцы з партрэтамі палітзьняволеных

Падчас таго, як яшчэ інсталяцыя рабілася, ужо ў беларускіх турмах пра яе ведалі. Неяк перадаюць інфармацыю. І адтуль калі выказваюць падзяку, тады разумееш: яно таго каштавала, значыць, гэта патрэба».

Натальля прыгадвае і гісторыю аднаго з экспанатаў.

«Вось наш бел-чырвона-белы парасон прывезла жанчына зь Беларусі. Мы пыталіся: „Як? Ён жа вялікі!“ Яна мэтанакіравана празь мяжу гэты вялізны парасон прывезла ў музэй!».

Канцэрт у Музэі вольнай Беларусі
Канцэрт у Музэі вольнай Беларусі

Музэй Вольнай Беларусі дае магчымасьць выстаўляцца і маладым мастакам. Сёлета былі тры пэрсанальныя выставы, якія сталі першымі ў жыцьці творцаў.

«Для мастакоў выстава ў Музэі Вольнай Беларусі ў цэнтры Варшавы — гэта прэстыжна, яны хадзілі вельмі задаволеныя, былі ўдзячныя. І гэта вельмі матывуе, падтрымлівае. І ўвогуле, мы вырашылі, што якімі б ні былі нашыя галерэйныя пляны, але будзем выстаўляць аднаго-двух маладых мастакоў на год абавязкова».

Сёньня ў Музэі адзначаць гадавіну з дня адкрыцьця пляцоўкі. Наведнікаў чакае цэлы шэраг імпрэзаў, прымеркаваных да дня народзінаў: канцэрт Маргарыты Ляўчук і Канстанціна Гарачага, адкрыцьцё экспазыцыі Ігара Цішына, дзіцячая пляцоўка з Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам), арт-маркет і іншыя.

«Выставы ў нас расьпісаныя да канца году, мы вымушаныя ўжо адмаўляць людзям, скарачаць тэрміны і пераносіць на наступны год. Увогуле па датах, важных для беларусаў, у прынцыпе, таксама ўсё расплянавана, але, як заўсёды, людзі прыходзяць з ідэямі, творчы працэс ідзе».

Сачыць за афішай і навінамі можна на старонцы Музэю Вольнай Беларусі ў інстаграме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG