Сілавікі прымусілі жанчыну выправіць татуіроўку з апазыцыйнай сымболікай выбараў 2020 году
Татуіроўка з выявай кулака, знака «Вікторыі» і сэрца, якую мусіла выправіць затрыманая, адлюстроўвала сымбалі аб'яднаных штабоў апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
Пра інцыдэнт паведамляюць СМІ і праваабаронцы з спасылкай на відэа з затрыманай жанчынай, апублікаванае на праўладным тэлеграм-канале, зьвязаным з сілавікамі.
З публікацыі вынікае, што затрыманая перабіла татуіроўку «апазыцыйнага характару» з сымбалямі абʼяднаных штабоў.
27 чэрвеня канал апублікаваў відэа, на якім жанчына расказвала, што набіла татуіроўку ў падтрымку мужа, які прытрымліваўся «апазыцыйнага боку палітыкі». Па словах затрыманай, пазьней яны з мужам разьвяліся.
У новым роліку жанчына паказала татуроўку, на якой ад ранейшага малюнка засталося толькі сэрца.
Сілавікі прымусілі жыхара Камянца пазбавіцца ад татуіроўкі «Пагоня» на шыі
Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў «пакаяльнае відэа» жыхара Камянца Сяргея. На ім хлопец «прызнаецца» ў тым, што ў яго ёсьць некалькі татуіровак з тэкстам «ACAB», а таксама на шыі ёсьць татуіроўка герба «Пагоня». У тым жа відэа хлопец сказаў пра гэтыя татуіроўкі: «абавязуюся зьвесьці ці перакрыць», заўважыла «Вясна|Брэст».
Пасьля зьявілася новая публікацыя пра Сяргея. На фота бачна, што ўсе тату (у тым ліку «Пагоня») перабітыя новымі татуіроўкамі паверх. У сваім камэнтары сілавікі адзначылі, што хлопец зрабіў гэта адразу ж пасьля ізалятара часовага ўтрыманьня.
Абрэвіятура «A.C.A.B». («All Cops Are Bastards» – «Усе копы – вырадкі») ёсьць у сьпісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» яшчэ з 2018 году, а вось герб «Пагоня» там ня значыцца і ніколі ня значыўся. Відаць, увага сілавікоў да беларускага гістарычнага герба зьвязаная з тым, што пасьля 2020 году сілавікі лічаць яго пратэставым сымбалем.