Як піша Польскае радыё, міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў пераконвае, што альянс NATO гатовы да пагроз для Сувальскага калідору з боку наймітаў з расейскай групы «Вагнэр», якія знаходзяцца ў Беларусі.
Кіраўнік польскага МЗС падкрэсьліў, што пагроза вагнэраўцамі — гэта частка гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць Захаду. Але, тым ня менш, расейскія пагрозы нельга ўспрымаць легкадумна, перакананы міністар:
«Таму мы (Польшча) — дзяржава на ўсходнім фангу NATO, якая павышае ўзровень свайго ўзбраеньня і гатоўнасьці. Адначасова Паўночнаатлянтычны альянс таксама рыхтуецца да магчымых адэкватных дзеяньняў на выпадак росту пагрозы».
Падводзячы вынікі трохдзённага візыту ў Нью-Ёрк, міністра замежных спраў Польшчы спыталі аб магчымасьці выкарыстаньня войскаў Вагнэра для ўзмацненьня ціску мігрантаў на Польшчу.
Зьбігнеў Раў сярод іншага сказаў:
«Дастаткова канстатаваць факты. Той факт, што баевікі „Вагнэра“ знаходзяцца ў Беларусі, пацьвердзіў беларускі рэжым. Таксама факт, што яны павінны навучаць беларускія ўзброеныя сілы».
Міністар замежных спраў Польшчы дадаў:
«У той жа час мы ведаем, што беларускія афіцыйныя асобы да гэтага часу кіравалі і арганізоўвалі ціск мігрантаў на нашую мяжу. Так што, калі мы спалучым усе гэтыя факты, пэрпэктыва выглядае трывожнай і ў той жа час верагоднай».