Чакаецца, што рашэньне абнародуюць заўтра.
Інфармацыю Рыкарда Юзьвяка публічна пацьвердзіў сталы прадстаўнік Польшчы ў ЭЗ Анджэй Садось. У інтэрвію польскаму інфармацыйнаму агенцтву РАР ён паведаміў, што сталыя прадстаўнікі краінаў-чальцоў Зьвязу ўхвалілі праект рашэньня аб увядзеньні сэктаральных і пэрсанальных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.
Паводле Садося «рашэньне не ўключае ў сябе адступленьняў адносна ўгнаеньняў» і яны «па-ранейшаму падпадаюць пад санкцыі ЭЗ».
«Упершыню за год удалося выйсьці з тупіку, калі размова ідзе аб санкцыях адносна Беларусі, – падкрэсьліў дыплямат. – Мы ўвялі сэктаральныя санкцыі, у прыватнасьці, адносна вайсковай прадукцыі, зброі, боепрыпасаў, тавараў двайнога прызначэньня, тэхналёгіяў, авіяцыйнай прадукцыі і іншага. Пад санкцыі патрапілі і ўсе тыя, хто мае дачыненьне да асуджэньня Анджэя Пачобута».
Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 10 студзеня анансавала, што адносна Беларусі ў хуткім часе будуць прынятыя новыя санкцыі.
Аднак апошні пакет санкцый адносна Беларусі Эўразьвяз прыняў у чэрвені 2022 году.
Учора DW паведаміла, што Эўразьвяз зьбіраецца прыняць новы пакет санкцый у дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.
Да апошняга часу дыскусіі наконт санкцый на экспарт беларускіх угнаеньняў — адна з галоўных прычынаў, чаму Эўразьвяз з пачатку 2023 году не прыняў новы пакет санкцый адносна Беларусі.
Паводле зьвестак шэрагу палітыкаў і экспэртаў, Партугалія — адна з тых краінаў ЭЗ, якія выступалі за зьмякчэньне санкцый адносна экспарту беларускіх калійных угнаеньняў. На думку Лісабону, цяперашнія абмежаваньні на экспарт беларускіх угнаеньняў адмоўна ўплываюць на сытуацыю з харчаваньнем у бедных краінах сьвету.
Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў 5 ліпеня, выступаючы на міністэрскай сустрэчы краін — удзельніц Руху недалучэньня, што з прычыны накладзеных на Беларусь санкцый, у тым ліку абмежаваньняў на транзыт, скарачэньне вытворчасьці і экспарту беларускіх калійных угнаеньняў «прывяло да падзеньня сусьветнай вытворчасьці калійных угнаеньняў на 16,3% (5,9 млн тон) і падзеньня сусьветнага экспарту на 20,2%».