Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Піша аптымістычныя лісты», «чысьціць драты на шкоднай вытворчасьці», «ліставаньне рэдкае, але ёсьць». Што вядома пра вясноўцаў за кратамі


Банэр на вечарыне ў Вільні, прысьвечанай 2-й гадавіне арышту супрацоўнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна».
Банэр на вечарыне ў Вільні, прысьвечанай 2-й гадавіне арышту супрацоўнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна».

14 ліпеня споўнілася 2 гады, як у Менску былі арыштаваныя кіраўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч.

Суд, які адбыўся ў студзені 2023 году, прызнаў праваабаронцаў нібыта вінаватымі ў эканамічных злачынствах і прысудзіў ім, адпаведна, да 10, 9 і 7 гадоў зьняволеньня.

Цяпер ўсе трое адбываюць пакараньне ў беларускіх калёніях.

Якія ад іх апошнія навіны?

«Даводзіць мне, што ў яго ўсё нармальна»

Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 9 ў райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласьці. Гэта калёнія прызначаная для тых, каго раней ўжо судзілі за ранейшыя крымінальныя злачынствы і таму быць ў такой калёніі — дадатковае выпрабаваньне.

Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук распавяла калегам Алеся пра свае адчуваньні ад лістоў мужа, Як і падчас былой адседкі, ён стараецца яе падбадзёрыць.

«Ён спрабуе трансьляваць для мяне, што быццам у яго ўсё нармальна. Але я разумею, наколькі гэта можа быць „нармальна“ ў цяперашніх умовах турмаў. Ды і былыя зьняволеныя яшчэ да 2020 году сьведчылі, што ў калёніі № 9 вельмі жорсткія ўмовы. Распавядалі, як нацкоўваюць „крымінальны элемэнт“ на палітычных вязьняў, пра зьбіваньне ў душавых... Алесь перажывае, каб я не хвалявалася за яго. У асноўным у лістах ён узгадвае, як жылі раней і сытуацыі з вольнага жыцьця», — паведаміла Натальля Пінчук.

Па зьвестках праваабаронцаў «Вясны» Алесь Бяляцкі працуе на ўчастку дрэваапрацоўкі.

«Вядома, яму там ніхто ня робіць скідку на тое, што ён Нобэлеўскі ляўрэат. Там ўсім цяжка, да таго ж ў такой калёніі значна меней палітычных вязьняў, якія звычайна адзін аднаго падтрымліваюць. Але мы ведаем, што Алесь моцны і сілаў вытрымаць выпрабаваньні ў яго хапае», — сказала Свабодзе праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка.

«Ён перадаў пра сваю радасьць, што „Вясна“ працягвае дзейнічаць»

Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Апошняй навіной пра Валянціна Стэфановіча, якой падзяліліся ягоныя сваякі, стала зьвестка пра тое, што палітвязень здолеў патэлефанаваць дамоў.

«Наколькі нам вядома, гэта ягоны першы званок дамоў за два гады зьняволеньня. А раней Валянцін іншым спосабам змог данесьці да нас сваю радасьць з той прычыны, што „Вясна“ працягвае дзейнічаць, што ў нашы шэрагі ўліваюцца новыя сябры», — паведаміў праваабаронца, былы адвакат Павал Сапелка.

У «Вясьне» вядома, што Валянцін Стэфановіч працуе на шкоднай для здароўя вытворчасьці — на ачыстцы мэталічных правадоў ад ізаляцыі. Зьвесткамі пра стан здароўя калегі праваабаронцы «Вясны» пакуль не валодаюць.

«Вакол стварылі інфармацыйную блякаду»

Паводле праваабаронцы Марыны Кастылянчанкі, у складаных умовах адбывае свой тэрмін юрыст «Вясны» Ўладзь Лабковіч.

«Трымаюць яго ў калёніі № 17 ў Шклове — у той самай калёніі, дзе памер пры падазроных абставінах актывіст зь Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Там асабліва пільная ўвага да Ўладзя, і гэта адбіваецца на інфармацыі пра яго. Яна мінімальная. Яшчэ падчас знаходжаньня ў СІЗА вакол Ўладзя ўзьвялі нібы інфармацыйную блякаду, і, фактычна, яна працягваецца. Але нам вядома, што лісты яму ад сваякоў ідуць і ад яго таксама лісты даходзяць. Ліставаньне рэдкае, але працягваецца. Таму спадзяемся, што і ён вытрымае», — паведаміла Марыя Кастылянчанка.

У Вільні ў гасьцёўні Беларускай рады культуры, што на вуліцы Сьвятога Агната 14 ліпеня прайшла грамадзкая сустрэча, удзельнікі якой адзначылі два гады з моманту арышту вядомых вясноўцаў, выказалі зь імі салідарнасьці праз паштоўкі, а таксама напісалі словы падтрымкі на адрасы сваякоў зьняволеных праваабаронцаў.

Удзельнікі сустрэчы хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць мастака Алеся Пушкіна, які 11 ліпеня памёр ў гарадзенскай турме.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG