Колькасьць гарадзкіх камэр відэаназіраньня, уключаных у Рэспубліканскую сыстэму маніторынгу грамадзкай бясьпекі, павялічыцца сама меней утрая, паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.
У першую чаргу абсталююць камэрамі відэаназіраньня ўсе ўчасткі для галасаваньня на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах 2024 году, калі заплянаваны адзіны дзень галасаваньня. У сталічнай міліцыі заяўляюць, што гэта «дапаможа забясьпечыць іх празрыстасьць і бясьпеку грамадзян».
- У канцы красавіка начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб паведамляў, што ў Менску ўстаноўлена ўжо больш за шэсьць тысяч камэраў відэаназіраньня.
- У траўні зьявілася інфармацыя, што Дэпартамэнт фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі закупляе сыстэмы відэаназіраньня, відэакамэры і іншае абсталяваньне на суму 912 200 беларускіх рублёў.
- Пасьля выбараў 2020 году сілавікі ў Беларусі актыўна выкарыстоўваюць плятформу для распазнаваньня асобаў KIPOD, каб шукаць удзельнікаў пратэстаў. Пад сыстэму падключаныя тысячы камэраў відэаназіраньня па ўсёй краіне. Гэтыя камэры адыгралі важную ролю ў арыштах сотняў пратэстоўцаў і апанэнтаў улады.