Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Расейская праваслаўная царква — галоўная крыніца міжрэлігійнай напружанасьці ў Беларусі


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з асуджэньнем пазыцыі РПЦ што да заснаваньня Ватыканам у Беларусі Апостальскай адміністратуры для католікаў усходняга абраду.

Рада БНР мяркуе, што Беларускі экзархат РПЦ спрабуе «перашкодзіць стварэньню Апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі».

«Беларусь (Вялікае княства Літоўскае) традыцыйна была месцам рэлігійнай талеранцыі і мірнага суіснаваньня розных рэлігійных супольнасьцяў: грэка-каталіцкай большасьці, а таксама рыма-каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкіх меншасьцяў, а таксама нехрысьціянскіх меншасьцяў, перадусім прадстаўленых мусульманамі і юдэямі, што знайшлі на Беларусі прытулак пасьля выгнаньня зь іншых краінаў. Цярпімасьць і павага да разнастайнасьці былі, ёсьць і застануцца аднымі з галоўных каштоўнасьцяў для беларускага народу», — гаворыцца ў заяве Рады БНР.

На думку Рады, «галоўнай крыніцай міжрэлігійнай напружанасьці ў Беларусі зьяўляецца Расейская праваслаўная царква, гвалтам насаджаная беларусам у першай палове XIX стагодзьдзя, а ў цяперашнім выглядзе сфармаваная ў сталінскім СССР у 1943 годзе і прадстаўленая сёньня несамастойным экзархатам пад фальшывай назвай „Беларуская праваслаўная царква“... У сучаснай Беларусі РПЦ зьяўляецца адным з ідэалягічных апірышчаў рэжыму А. Лукашэнкі і карыстаецца неабгрунтаванымі прывілеямі з боку аўтарытарнай лукашэнкаўскай дзяржавы ў той час, як многія іншыя беларускія хрысьціянскія цэрквы церпяць дыскрымінацыю, канфіскацыю маёмасьці і рэпрэсіі супраць сьвятароў».

У заяве згадваецца таксама і рэзка адмоўнае стаўленьне Беларускага экзархату РПЦ да аўтакефальнай праваслаўнай царквы:

«Беларускае аўтакефальнае праваслаўе, якое зьяўляецца сапраўдным працягам мясцовых праваслаўных традыцыяў на беларускіх землях ад сярэднявечча і якое шмат гадоў было й застаецца адным з духоўных апірышчаў многіх беларусаў у выгнаньні, вымушанае ў Беларусі існаваць ва ўмовах асабліва жорсткага перасьледу».

На думку Рады БНР, дзейнасьць у Беларусі філіі РПЦ, якая «не асуджае гвалт, забойствы і катаваньні, за якія нясе адказнасьць рэжым Лукашэнкі», і «адкрыта падтрымлівае расейскую вайсковую агрэсію і бласлаўляе расейскіх захопнікаў, якія зьдзяйсьняюць ваенныя злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны», павінна стаць прадметам расьсьледаваньня ў будучай дэмакратычнай Беларусі.

У адказ на паведамленьні аб тым, што экзархат РПЦ у Беларусі выказаў Ватыкану сваё незадавальненьне з прычыны заснаваньня папам Францішкам Апостальскай адміністратуры для католікаў усходняга абраду, рада БНР заявіла:

«Традыцыйныя беларускія цэрквы ўсходняга абраду, у тым ліку Беларуская грэка-каталіцкая царква, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, маюць поўнае права самастойна вызначаць сваю ўнутраную арганізацыйную структуру, а таксама павінны карыстацца ўсялякай падтрымкаю будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы як інстытуты, што ўтвараюць гістарычную і духоўную каштоўнасьць».

Раней сёньня стала вядома, што кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Веньямін заявіў, што разьвіцьцё грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі нібыта пагражае «напружанасьцю ў міжрэлігійных дачыненьнях».

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), якая падпарадкоўваецца Расейскай праваслаўнай царкве, пытаньне разьвіцьця грэка-каталіцкай царквы 30 чэрвеня абмяркоўвалі на сваёй сустрэчы мітрапаліт Веньямін, папскі легат, прэфэкт дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў Сьвятога пасаду арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці і апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.

  • 30 сакавіка 2023 папа Рымскі ўхваліў рашэньне аб заснаваньні Апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі — грэка-каталікоў.
  • Паводле стану на пачатак 2020-х у Беларусі дзейнічае 14 грэка-каталіцкіх парафій, у тым ліку чатыры ў Менску, вернікаў некалькі тысяч.
  • Уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква, створаная ў выніку Берасьцейскай уніі 1596 году, існавала на тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Беларусь да ліквідацыі яе царскімі ўладамі ў 1839 годзе. На Падляшшы ўніяцтва пратрымалася да 1876 году.
  • У XVIII i XIX стагодзьдзях уніятамі была абсалютная большасьць беларусаў.
  • На Галічыне, дзе ў Аўстрыйскай імпэрыі ўніяцтва захавалася, гэтая царква стварыла моцную апору грамадзянскай супольнасьці і нацыянальнага руху ўкраінцаў.
  • Адрадзілася грэка-каталіцкая царква ў постсавецкай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG