Паводле «Хрысьціянскай візіі», з пачатку 2020 году па 6 ліпеня 2023 году з палітычным перасьледам у Беларусі сутыкнуліся:
- 18 праваслаўных,
- 17 рымска-каталіцкіх,
- 5 грэка-каталіцкіх,
- 13 пратэстанцкіх сьвятароў.
Сьпіс пастаянна абнаўляецца.
Пра рэпрэсіі ў дачыненьні да сьвятароў ў Беларусі на Генэральнай асамблеі Канфэрэнцыі эўрапейскіх цэркваў 15 чэрвеня ў Таліне нагадала Сьвятлана Ціханоўская.
Паводле Ціханоўскай, вернікі ў Беларусі патрабуюць дапамогі сваіх хрысьціянскіх братоў і сясьцёр з Эўропы і ўсяго сьвету.
«Міжнародная рэлігійная супольнасьць можа шмат зрабіць для іх. Патрабаваць доступу зьняволеных да багаслужбаў, агітаваць за іх вызваленьне, арганізоўваць паломніцтвы і малебны за Беларусь, падтрымліваць беларускіх хрысьціян за мяжой, заклікаць да дыялёгу лідэраў беларускіх цэркваў — усё гэта мае рэальнае значэньне для беларусаў», — заявіла Ціханоўская.