Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы прысуд, адзначыла, што Эдуард Бабарыка правёў у СІЗА 3 гады — «рэкордны для Беларусі тэрмін». На думку Ціханоўскай, увесь гэты час «рэжым проста ня мог прыдумаць прычыну, зь якой затрымаў Эдуарда, і знайсьці доказы ягонай віны».
«Гэты прысуд Эдуарду за бацьку, які так і не зьявіўся на судзе. Пра якога ён нічога ня чуў з 26 красавіка і ня ведае, жывы ён ці не», — адзначыла Ціханоўская.
Паводле яе, Эдуард Бабарыка, як і ягоны бацька, «хоча зьмяніць Беларусь і зрабіць яе лепшай».
«Ён запусьціў плятформы, дзякуючы якім беларусы маглі падтрымліваць ініцыятывы і праекты. Адтуль падтрымку атрымалі праект BY COVID-19, выданьне кніг нашай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч і шмат іншых. Я ўпэўненая, што такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка, — будучыня новай Беларусі. Менавіта гэтыя людзі здольныя выцягнуць нашую краіну з крызісу», — падкрэсьліла Ціханоўская.
- 5 ліпеня судзьдзя Ўладзімер Арэшка прызнаў Эдуарда Бабарыку вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы), ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі).
- 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прыгаварыў бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235).
- З 28 красавіка дакладна не вядома, дзе знаходзіцца Віктар Бабарыка. Перад гэтым работнікі наваполацкай бальніцы ананімна паведамілі, што яго даставілі туды зь мясцовай калёніі з пнэўматораксам і сьлядамі зьбіцьця.
- Праваабаронцы паведамлялі, што Віктар Бабарыка быў у сьпісе сьведак па справе сына, аднак у суд яго так і не даставілі.