Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуарду Бабарыку прысудзілі 8 гадоў калёніі, пад сьледзтвам яго трымалі больш за іншых палітвязьняў


Эдуард Бабарыка у Менскім абласным судзе. Архіўнае фота
Эдуард Бабарыка у Менскім абласным судзе. Архіўнае фота

Палітзьняволенага Эдуарда Бабарыку абвінавацілі ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці», «арганізацыі масавых беспарадкаў», «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і «ўхіленьні ад выплаты падаткаў».

Менскі абласны суд у выязным судовым пасяджэньні з 22 траўня разглядаў крымінальную справу супраць палітзьняволенага сына экс-кандыдата ў прэзыдэнты краіны Віктара Бабарыкі Эдуарда. Да выраку пад вартай Эдуарда ўтрымліваюць больш за тры гады.

5 ліпеня судзьдзя Ўладзімер Арэшка пакараў Эдуарда Бабарыку 8 гадамі зьняволеньня. Падсуднага падчас працэсу трымалі ў кайданках.

Дзяржаўнае абвінавачваньне па справе Эдуарда Бабарыкі падтрымліваў пракурор Аляксандар Кароль, вядомы сваім удзелам у гучных палітычна матываваных справах. Кароль падтрымліваў абвінавачваньне па справе «Вясны», фігурантамі якой выступалі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч і Зьміцер Салаўёў, а таксама па справах мастака Алеся Пушкіна, а таксама Марыі Калесьнікавай і адваката Максіму Знаку. У 2021 годзе Кароль атрымаў з рук Лукашэнкі мэдаль «За працоўныя заслугі».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у тэрмін не залічылі час утрыманьня ў СІЗА КДБ да 14 сьнежня 2021 году. Менавіта тады Эдуард Бабарыка стаў падазраваным па новай крымінальнай справе, па якой яго сёньня асудзілі. Да гэтага яго ўтрымлівалі максымальныя 18 месяцаў паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры»). Варта адзначыць, што дзяржаўныя СМІ пра гэта не паведамляюць.

Ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў) на судзе перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ад прад’яўленага Эдуарду абвінавачваньня ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу) дзяржаўнае абвінавачваньне адмовілася.

5 ліпеня Эдуарда абвінавацілі, сярод іншага, у легалізацыі («адмываньні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год). Гаворка пра краўдфандынгавыя плятформы «Вулей» і «Мола-мола».

Паводле абвінавачаньня, Эдуард Бабарыка нібыта дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці, паведамляе БелТА.

28 чэрвеня пракурор Аляксандар Кароль запрасіў для яго 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведаміла «Вясна».

Эдуард Бабарыка не прызнаў абвінавачваньняў

Эдуард Бабарыка не прызнаў абвінавачваньняў, паведамляюць праваабаронцы. Ён заявіў у судзе, што не разумее сутнасьці прад'яўленага яму абвінавачваньня. Таксама ён падкрэсьліў, што асабіста ня быў знаёмы з Ціханоўскім. Эдуард на судзе вырашыў даваць паказаньні:

«Я не зьдзяйсьняў ніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Сьледзтвам не было здабыта ніводнага доказу маёй віны».

Ён таксама заявіў, што тыя 1,8 мільёна рублёў, якія фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі.

На судзе ў якасьці сьведкаў мусілі дапытаць палітзьняволеных Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, ад якіх некалькі месяцаў няма ніякіх вестках, але на працэсе яны так і не зьявіліся – нават па відэаканферэнцсувязі.

Як пішуць праваабаронцы, у СІЗА для Эдуарда стваралі «жудасныя ўмовы». У 2020 годзе ён два тыдні сядзеў у адзіночцы, а «потым, па вяртаньні да суседзяў, ня мог нагаварыцца». У ягонай камэры былі такія сьпёка і вільгаць, што адзеньне пакрывалася цвільлю. Яму моцна абмяжоўваюць ліставаньне.

Што адбываецца зь Віктарам Бабарыкам

Бацька Эдуарда Віктар Бабарыка на судзе над сваім сынам так і не зьявіўся ў якасьці сьведкі, хоць улады распаўсюджвалі такую інфармацыю. Гэта ўзмацніла падазрэньні ў грамадзтве аб праблемах Бабарыкі-старэйшага са здароўем. Віктара Бабарыку у ліпені 2021 году пакаралі на 14 год зьняволеньня.

12 траўня ад праваабаронцаў зьявілася інфармацыя, што да свайго атраду ў наваполацкай калёніі ён нібыта ўжо не прыпісаны, а потым — што яго нібыта перавялі ў турэмны шпіталь пры СІЗА-1 у Менску.

17 траўня адбылося масавае затрыманьне мэдыкаў у Цэнтральным гарадзкім шпіталі Наваполацку, у які даставілі былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта і адкуль падпольны «Рабочы рух» атрымаў інфармацыю пра яго шпіталізацыю. Многім мэдыкам далі ад 10 да 15 сутак. Некаторым выпісалі штрафы.

У прыватнасьці, вядома, што хірурга Міхаіла Пачкоўскага і ўроляга Паўла Стальмакова арыштавалі на 15 сутак, загадчыцу аддзяленьня гінэкалёгіі Ірыну Васільеву і фэльчарку хуткай дапамогі Натальлю Первянёнак — на 10 сутак, а доктарку Алу Стальмакову аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).

Потым мэдыкаў звольнілі за прагулы, паведамляў тэлеграм-канал «Белые халаты».

Кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка вылучыў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары 2020 году і сабраў рэкордную колькасьць подпісаў выбарнікаў. Аднак у чэрвені 2020 году яго і яго сына Эдуарда арыштавалі, а Цэнтравыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG