Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы змогуць падаваць дакумэнты на дазвол на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы за мяжой


Грамадзяне Беларусі змогуць падаваць дакумэнты на атрыманьне літоўскага дазволу на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы за мяжой.

Пра гэта «Зеркалу» расказаў галоўны дарадца Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Рокас Пукінскас. Ён адзначыў, што ў законе існуюць абмежаваньні на падачу дакумэнтаў на атрыманьне дазволу на жыхарства празь візавыя цэнтры толькі для грамадзян Расеі.

З 1 ліпеня Літва скараціла сьпіс тых, хто можа падаваць дакумэнты на нацыянальную візу. Так, цяпер нацыянальную візу ня могуць атрымліваць студэнты, якія вочна навучаюцца ў літоўскіх ВНУ, а таксама тыя, хто ўладкоўваецца на працу ў літоўскія кампаніі. Акрамя таго, нацыянальную візу цяпер не выдаюць іншаземцам па дэфіцытных спэцыяльнасьцях і тым, у каго ёсьць дазвол на працу ад службы занятасьці.

«У гэтых выпадках беларусы змогуць падаваць дакумэнты на дазвол на жыхарства ня толькі ў Дэпартамэнце міграцыі ў Літве, але і ў 34 цэнтрах VFS Global, якія працуюць за мяжой. Гэтыя дакумэнты будуць прымаць і разглядаць і далей ужо прымаць рашэньне па іх», — сказаў Рокас Пукінскас.

Грамадзян Расеі пазбавілі магчымасьці падавацца на дазвол на жыхарства празь візавыя цэнтры за межамі Літвы. Таксама Літва прыпыніла выдачу дазволаў на жыхарства расейцам, якія ня маюць дзейнай шэнгенскай ці нацыянальнай візы Літвы альбо літоўскага дазволу на жыхарства ці аналягічнага дакумэнту іншай краіны Эўразьвязу.

  • 1 ліпеня ў Літве набылі сілу зьмены ў закон аб прававым статусе замежнікаў. Грамадзяне шэрагу дзяржаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, цяпер могуць зьвяртацца па нацыянальныя візы па-за межамі Літвы толькі празь зьнешняга пастаўшчыка паслуг, якога будзе вызначаць дэпартамэнт міграцыі пры літоўскім МУС.
  • 4 красавіка літоўскі Сейм прыняў закон, які прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзянаў Беларусі і РФ, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцьця нерухомасьці і інш. На этапе разгляду дакумэнт быў значна мякчэйшы ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расейцаў.
  • 14 красавіка прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта. Ён прапанаваў парлямэнту не рабіць у законе розьніцы паміж беларусамі і расейцамі.
  • 20 красавіка Сейм Літвы адхіліў вэта Наўседы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG