«Беларуская калійная кампанія» можа ўдзельнічаць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, заявіў 4 ліпеня міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, піша LRT.
Кіраўнік МЗС Літвы сьцьвярджае, што перадаў адпаведную інфармацыю ў Генпракуратуру Літвы, якая пачала расьсьледаваньне гэтай інфармацыі, а таксама ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
«У нас ёсьць інфармацыя, раней прадстаўленая ў МЗС, аб удзеле БКК у апэрацыі па выкраданьні дзяцей з Украіны, — заявіў Габрыелюс Ландсбергіс. — У Беларусі ёсьць санаторыі, якія належаць БКК, якая зьяўляецца асноўным экспартэрам угнаеньняў, і, магчыма, [хоць] мы ня можам праверыць самі, дзяцей, выкрадзеных з акупаваных тэрыторый Украіны, утрымліваюць у гэтых лягерах».
Паводле Ландсбергіса, Літва імкнецца рэалізаваць «пакет, які аб’ядноўвае санкцыі супраць Расеі і Беларусі», але на калійныя ўгнаеньні пры яго падрыхтоўцы «павесілі вельмі вялікае выключэньне», супраць якога Літва «катэгарычна пярэчыць». Але цяпер цэны на ўгнаеньні ніжэйшыя, чым да вайны ва Ўкраіне, таму «аргумэнт не вытрымлівае праверкі», дадаў ён, і паўтарыў, што санкцыі «павінны быць прынятыя».
- У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
- У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, панесьці адказнасьць.
- Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) кваліфікавала вываз украінскіх дзяцей як ваеннае злачынства. У траўні СМІ паведамлялі, што Ўкраіна расьсьледуе меркаваную ролю Беларусі ў гвалтоўным перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый.
- У сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна ў сувязі з падазрэньнямі ў ягонай датычнасьці да незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею.