Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ня ўтойваюць, што ўкраінскія дзеці праходзяць «патрыятычнае выхаваньне» ў беларускіх летніках


Эвакуацыя ўкраінцаў з Данецкай вобласьці на падкантрольныя Ўкраіне тэрыторыі ў траўні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Эвакуацыя ўкраінцаў з Данецкай вобласьці на падкантрольныя Ўкраіне тэрыторыі ў траўні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

За апошнія 10 гадоў у Беларусі прайшлі аздараўленьне каля 15 тысяч дзяцей з Расеі, Малдовы, Ізраілю і Сырыі. А з Украіны за няпоўны год — больш за тысячу.

У беларускіх дзіцячых аздараўленчых цэнтрах і лягерах, куды прывозяць дзяцей з Данбасу і «іншых небясьпечных зон», галоўны акцэнт робіцца на грамадзянска-патрыятычнае выхаваньне», паведаміў тэлеканал АНТ. Паводле дзяржаўнага тэлеканалу, сёлета ў 6 тысячах аздараўленчых цэнтраў Беларусі могуць адпачыць 377 тысяч дзяцей.

«На падтрымку матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржава выдзеліла амаль 20 мільёнаў рублёў. Чакаецца, што за лета ў лягерах адпачнуць 377 тысяч дзяцей. Найбольшая ўвага — бясьпека, а акцэнт сёлета — на грамадзянска-патрыятычным выхаваньні. На адпачынак у Беларусь прыяжджаюць і дзеці з Данбасу, а таксама іншых небясьпечных зон», — адзначаецца ў паведамленьні тэлеканалу.

За апошнія 10 гадоў у Беларусі прайшлі аздараўленьне каля 15 тысяч дзяцей з Расеі, Малдовы, Ізраілю і Сырыі.

Праўладны грамадзкі дзеяч, паралімпіец Аляксей Талай, якога лічаць датычным да вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, паведаміў дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БелТА, што ў 2022 годзе 32 украінскія дзіцяці з так званай «ДНР» у суправаджэньні дарослых праходзілі рэабілітацыю ў Рэспубліканскай дзіцячай лякарні мэдычнай рэабілітацыі.

Паводле яго, яшчэ 888 украінскіх дзяцей, якіх суправаджалі 125 дарослых, у тым ліку бацькоў, знаходзіліся на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага летніка «Дубрава» ў Салігорскім раёне.

Аляксей Талай таксама паведаміў, што са сьнежня 2022-га па студзень 2023 году 43 украінскія дзіцяці знаходзіліся ў Наваполацку, а іншая група з Горлаўкі — у санаторыі «Зялёны бор» у Менскай вобласьці.

27 красавіка сёлетаз ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі датычнымі да яго.

Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю і перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.

Дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый пачалі прывозіць у беларускія санаторыі ўвосень 2022 году. Яны адпачывалі ў санаторыі «Залатыя пяскі» (Гомельскі раён) і летніку «Дубрава» (Салігорскі раён, належыць ААТ «Беларуськалій»). У лягеры «Дубрава» ААТ «Беларуськалій» увосень пабывала звыш тысячы дзяцей з Данбасу. У асноўным прывозам дзяцей з акупаваных тэрыторый займаецца фонд Аляксея Талая.

Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта і кіраўнік «НАУ» Павал Латушка паведаміў, што 12 чэрвеня першую частку падрыхтаванага дас’е па фактах злачынстваў, зьвязаных зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, перадалі пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану.

Раней гэтыя дакумэнты перадалі ў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG