Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Кабінэту Ціханоўскай заявіла, што новы закон аб СМІ стварае ўмовы для татальнага кантролю над інфармацыяй


Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

Зьмены ў заканадаўства аб СМІ ў Беларусі не накіраваныя на ўдасканаленьне мэханізмаў абароны нацыянальных інтарэсаў, а ствараюць ўмовы для «татальнага кантролю над інфармацыяй і падаўленьня свабоднага абмену меркаваньнямі», заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.

«Гэта чарговы крок на поўнае вынішчэньне права журналістаў на свабоду слова, а таксама права грамадзян на атрыманьне аб’ектыўнай інфармацыі», — напісала яна ў Інстаграме.

Незалежныя СМІ, падкрэсьліла палітык, выконваюць важную ролю ў здаровай дзяржаве: «Яны ня толькі даюць грамадзянам доступ да розных пунктаў гледжаньня, але таксама ажыцьцяўляюць кантроль за ўладай, раскрываючы карупцыйныя злачынствы і парушэньні правоў чалавека, — а гэта менавіта тыя рэчы, на якіх і трымаецца рэжым Лукашэнкі».

Падпісаны напярэдадні Аляксандрам Лукашэнкам закон аб СМІ прадугледжвае магчымасьць увядзеньня забароны на дзейнасьць замежных мэдыя на тэрыторыі Беларусі ў «выпадку праявы замежнымі дзяржавамі недружалюбных дзеяньняў у адносінах да беларускіх СМІ».

  • Падчас абмеркаваньня новай рэдакцыі Закон ў Палаце прадстаўнікоў у красавіку 2023 дэпутаты гаварылі пра неабходнасьць «абараняць нацыянальную інфармацыйную прастору Беларусі». «І вычышчаць з галавы нашага пакаленьня гэтае трызьненьне! — настойваў тады дэпутат Алег Гайдукевіч. — Лухта, якую нам забівалі ў канцы 80-х і пачатку 90-х. Яна дагэтуль у некаторых сядзіць. Вось гэтыя казкі: „свабода слова“ — лухта гэта!»
  • У Закон аб СМІ, прыняты ў 2008 годзе, пэрыядычна дадавалі зьмены, апошні раз — у 2021-м. Навацыі тады пашырылі пералік інфармацыі, забароненай для распаўсюджваньня ў СМІ.
  • У Беларусі практычна не засталося незалежных грамадзка-палітычных СМІ. Многія рэдакцыі пасьля разгрому (ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блякаваньне) альбо закрыліся, альбо працуюць за мяжой. За кратамі знаходзяцца 34 прадстаўнікі СМІ.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG