Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ аднаго беларуса не выпускаюць з Армэніі, бо ён у вышуку ў Беларусі


Ерэван, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Ерэван, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Беларускі айцішнік Сяргей (імя зьмененае) каля года жыве ў Грузіі. Нядаўна ён паехаў у Армэнію, каб «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі, але на армянскай мяжы яго затрымалі і цяпер не выпускаюць з краіны. Сваю гісторыю айцішнік распавёў dev.by.

Паводле Сяргея, на армянскай мяжы доўга вывучалі ягоны пашпарт, фатаграфавалі, нешта абмяркоўвалі, потым завялі ў нейкі пакой, дзе ён прасядзеў каля гадзіны. Прыехаў супрацоўнік паліцыі, яго павезьлі ў пастарунак. Па дарозе паліцыянт распавёў Сяргею, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі, таму яго мусілі затрымаць.

Паводле Сяргея, ён ня ведае, калі на яго завялі крымінальную справу ў Беларусі. У 2020 годзе пасьля выбараў ён правёў двое сутак на Акрэсьціна. У канцы 2021 году ў ягонай кватэры прайшоў ператрус, Сяргея вазілі на допыт у ГУБАЗіК, але пасьля адпусьцілі. Улетку 2022-га супрацоўнікі ГУБАЗіК зьвязаліся з айцішнікам і запрасілі «на размову», але ён не пайшоў і празь некаторы час паляцеў у Тбілісі.

«Ужо ў паліцэйскім участку мне далі падпісаць паперу, што я ведаю пра знаходжаньне ў вышуку ў Беларусі і пры першай магчымасьці зьяўлюся ў менскі РАУС. Гэтую паперу сфатаграфавалі і адправілі ў Беларусь», — расказвае Сяргей.

Пры ім супрацоўнік армянскай паліцыі размаўляў, як Сяргей зразумеў, з супрацоўнікам МУС у Беларусі. Сяргей пачуў толькі, як у нейкі момант армянскі паліцыянт сказаў: «Не, ня маем на гэта паўнамоцтваў». Мужчына мяркуе, што ў МУС Беларусі хацелі, каб яго затрымалі або нават экстрадавалі.

У паліцэйскім участку Сяргей правёў каля 4 гадзін. Паводле яго, ціску з боку армянскай паліцыі не было. У выніку яго адпусьцілі, але папярэдзілі, што ён ня зможа пакінуць тэрыторыю Армэніі, пакуль знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі, і прапанавалі вырашыць пытаньне выключэньня з базы вышуку, у беларускай амбасадзе.

Цяпер Сяргей у Ерэване, на сувязі з праваабаронцамі. Сябар знайшоў яму беларускага адваката, які жыве ў Грузіі і будзе дапамагаць дыстанцыйна: яны паспрабуюць зьвяртацца ў МУС Армэніі, каб знайсьці спосабы пакінуць тэрыторыю краіны.

  • Гэта ўжо ня першы выпадак затрыманьня беларусаў у Армэніі. У пачатку студзеня ў аэрапорце Ерэвана затрымалі грамадзяніна Беларусі на запыт паліцыі Люксэмбурга.
  • У красавіку таксама ў аэрапорце армянская паліцыя затрымала яшчэ аднаго беларуса Яўгена Гуцалава, які прыляцеў у Ерэван з Турэччыны і на той момант знаходзіўся ў вышуку ў Беларусі. Яўген змог зьехаць з Армэніі толькі праз паўтара месяца.
  • Армэнія — сябра СНД. Там, апроч міжнароднага вышуку праз Інтэрпол, існуе міждзяржаўны вышук у межах СНД. Калі там бачаць, што чалавек у вышуку, з пункту гледжаньня армянскага заканадаўства, яго мусяць затрымаць. Інфармацыю пра гэта накіроўваюць у Беларусь, і яна мае магчымасьць ініцыяваць запыт на экстрадыцыю. У той жа час, паводле юрыста, пакуль на практыцы не было выпадкаў, калі Армэнія выдавала людзей, якія праходзяць па «палітычных» артыкулах у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG