Прэсавая служба Эўразьвязу паведаміла, што яго Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заснаваў новую Кансультатыўную групу з дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Першае паседжаньне новай Кансультацыйнай групы паміж Эўразьвязам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю прайшло ў Брусэлі ў прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай і іншых вядомых дзеячаў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
«Выступаючы ў якасьці пляцоўкі для дыялёгу паміж ЭЗ і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, Кансультатыўная група будзе забясьпечваць абмен інфармацыяй аб сытуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць фарміраваньню далейшых дзеяньняў ЭЗ у падтрымку свабоднай, сувэрэннай і дэмакратычнай Беларусі.
Падчас сваёй першай сёньняшняй сустрэчы ў Бруселі прадстаўнікі ЭЗ і Беларусі абмяняліся меркаваньнямі аб пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, у тым ліку аб умовах утрыманьня палітвязьняў і іх сем'яў, а таксама аб мэтах і патрэбах дэмакратычных сілаў»,— паведамілі ў Эўразьвязе.
Удзельнікі сустрэчы асудзілі саўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, у тым ліку ўзмацненьне ядзернай рыторыкі рэжыму, якая яшчэ больш пагражае сувэрэнітэту краіны.
Жузэп Бурэль таксама правёў двухбаковую сустрэчу са Сьвятланай Ціханоўскай і пацьвердзіў нязьменную падтрымку ЭЗ усім тым, хто мужна выступае за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь.
Пасля фальшывых выбараў у жніўні 2020 года ЭЗ выдзеліў больш за 100 мільёнаў эўра на падтрымку беларускага народа, у тым ліку праваабарончых арганізацый, грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, устаноў культуры, а таксама малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
«ЭЗ па-ранейшаму гатовы актываваць комплексны плян у падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 мільярдаў эўра, як толькі Беларусь стане на шлях дэмакратычных пераменаў»,— паведамілі ў Эўразьвязе.
Што сказала Ціханоўская
Апазыцыйная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго выступу адзначыла, што для яе вялікі гонар адкрываць першую сустрэчу Кансультацыйнай групы Беларусь — ЭЗ.
«Мы прайшлі доўгі шлях, каб дасягнуць гэтага пункту. І, нарэшце, запускаем мэханізм працы па двухбаковым парадку дня паміж Беларусьсю і ЭЗ», — адзначыла Ціханоўская, пасьля чаго падзякавала Вярхоўнаму камісару ЭЗ Жузэпу Бурэлю, ягонай камандзе і іншым інстытутам Эўразьвязу за ўвагу і падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў у іх барацьбе за вызваленьне Беларусі.
Ціханоўская таксама адзначыла, што эўрапейская пэрспэктыва для Беларусі зьяўляецца асаблівым стратэгічным прыярытэтам, які можа ажыцьцяўляцца сумесна з Кансультацыйнай групай на комплекснай і сыстэматычнай аснове.
«Аднак мы таксама мусім сутыкнуцца з суровай рэальнасьцю і працаваць над выхадам з экзыстэнцыйнага крызісу ў Беларусі. Наша краіна знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай праз прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў, разьмяшчэньне ядзернай зброі, ролю рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны і магчымае прыбыцьцё наймітаў ПВК „Вагнэр" — гэта толькі найноўшыя дадаткі да нашых задач».
«Мы павінны захоўваць палітычную і дыпляматычную ізаляцыю нелегітымнага рэжыму і нарошчваць ціск там, дзе ён найбольш дзейсны. Нам неабходна даць новыя магчымасьці, каб Беларусь заставалася на парадку дня», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
Паводле яе, магчымае прызначэньне спэцыяльнага прадстаўніка ЭЗ па Беларусі выведзе працу па Беларусі ў Брусэлі на новы ўзровень:
«Гэта дапаможа ўзгадніць працу розных інстытутаў ЭЗ, скаардынаваць намаганьні краін – чальцоў ЭЗ і ўзначаліць працу ў Беларусі з нашымі сябрамі ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Канадзе, а таксама зь міжнароднымі арганізацыямі.
Нам трэба пашырыць прастору для Беларусі ў ЭЗ, а таксама зрабіць так, каб мільёны беларусаў лепш разумелі і шанавалі ЭЗ», — сказала Ціханоўская.