Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі праект закону «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб стварэньні і функцыянаваньні навучальна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сіл», паведамляе прэс-служба ніжняй палаты.
«Дамова рэгулюе пытаньні арганізацыі стварэньня і функцыянаваньня вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі на базе вайсковых частак узброеных сіл бакоў, вызначае іх асноўныя задачы і парадак узаемадзеяньня міністэрстваў абароны пры арганізацыі ўсебаковага забесьпячэньня гэтых цэнтраў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Цэнтры пачалі ствараць за год да вайны Расеі з Украінай
Пра тое, што Лукашэнка з Пуціным дамовіліся наконт сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў, стала вядома яшчэ за год да пачатку вайны Расеі супраць Украіны.
У сакавіку 2021 году расейскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што міністры абароны Беларусі і Расеі, Хрэнін і Шайгу, дамовіліся стварыць «тры сумесныя навучальныя цэнтры, адзін зь якіх будзе знаходзіцца ў Беларусі».
У Беларусі такі цэнтар разьмясьцілі ля Горадні, расейскія — у Калінінградзкай і Ніжагародзкай абласьцях. Тады ж вайсковыя чыноўнікі ўскосна далі зразумець, што гаворка ідзе пра сумесны цэнтар супрацьпаветранай абароны.
Пацьвердзілася гэта афіцыйна толькі ў канцы жніўня, калі ў Беларусь прывезьлі расейскія комплексы С-400, а на аэрадроме ў Баранавічах прызямліліся Су-30.
Прыкладна ў той жа час адбываліся сумесныя вучэньні «Захад-2021». Расейскія С-400 засталіся ля беларуска-польскай мяжы і пасьля завяршэньня вучэньняў. Колькі расейскіх вайскоўцаў разьмясьціліся ў выніку ля Горадні, афіцыйна не паведамлялася.
Пры гэтым на тэрыторыі Расеі і Беларусі падобныя цэнтры пачалі дзейнічаць яшчэ раней. Так, у жніўні 2021 года ў Горадню прыбылі падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў РФ для фарміраваньня вучэбна-баявога цэнтра сумеснай падрыхтоўкі ВПС і войскаў СПА. У Расеі ж плянавалася стварыць навучальна-баявы цэнтар сумеснай падрыхтоўкі сухапутных войскаў.