Лукашэнка забараніў дзейнасьць незарэгістраваных прафсаюзаў на тэрыторыі Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў новыя правілы стварэньня прафсаюзаў Беларусі. Іх апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 28 чэрвеня.
Згодна з указам, для стварэньня і дзейнасьці рэспубліканскага прафсаюзу неабходна будзе сама меней 500 заснавальнікаў ад большасьці абласьцей і Менску, тэрытарыяльнага — ня менш за 500 заснавальнікаў ад большасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак адпаведнай тэрыторыі, прафсаюза ў арганізацыі і іншых месцах работы (вучобы) — ня менш за 10 заснавальнікаў (сяброў), якія працуюць (вучацца) у адпаведнай арганізацыі.
Згодна з указам, юрыдычным асобам забаронена быць сябрамі прафсаюзаў. Два і больш прафсаюзы могуць ствараць асацыяцыю.
Дзейнасьць незарэгістраваных прафсаюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца.
Перасьлед прафсаюзаў у Беларусі
- У ліпені 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, працаўнікоў, энэргетыкаў (БНП), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).
- Бальшыня іхных лідэраў знаходзіцца ў вязьніцах. У Беларусі дзейнічаюць толькі праўладныя прафсаюзы ў структуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
- Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеяньні ўладаў Беларусі. Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцыяў.
- 13 чэрвеня Міжнародная арганізацыя працы ўхваліла рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі ўладаў Беларусі. У рэзалюцыі прапануецца рэгулярна абмяркоўваць беларускае пытаньне, пакуль ня будзе даказана, што ўлады ў Менску выканалі свае абавязаньні ў рамках канвэнцыі 87 і 98 МАП — аб свабодзе асацыяцыі і аб праве на арганізацыю і на вядзеньне калектыўных перамоў адпаведна. Урадам, прадстаўнікам працадаўцаў і работнікаў краін — сяброў МАП прапануецца перагледзець адносіны з уладамі Беларусі.
- Цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідэраў дэмакратычных прафсаюзаў. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказалі рашучы пратэст супраць рэпрэсій у дачыненьні да незалежных прафсаюзаў.
- 5 студзеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды па крымінальнай справе лідэраў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Судзьдзя Анастасія Папко прысудзіла Васілю Берасьневу, якому 73 гады, 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Генадзю Фядынічу, якому споўнілася 66 гадоў, — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Вячаславу Арэшку, які мае ўзрост 68 гадоў, —8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Раней, 26 сьнежня 2022 году, таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361). Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды: Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму; Сяргею Антусевічу — 2 гады; Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.