Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя працы ўхваліла рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі ўладаў Беларусі


Зьняволеныя прафсаюзныя лідэры Сяргей Антусевіч, Аляксандар Ярашук, Ірына Бут-Гусаім
Зьняволеныя прафсаюзныя лідэры Сяргей Антусевіч, Аляксандар Ярашук, Ірына Бут-Гусаім

5–16 чэрвеня ў Жэнэве праходзіць 111-я сэсія Міжнароднай канфэрэнцыі працы. На ёй прынялі рэзалюцыю, якую абмяркоўвалі доўгі час. У офісе Ціханоўскай спадзяюцца, што гэта будзе азначаць «далейшую ізаляцыю рэжыму Лукашэнкі».

Пра вынікі галасаваньня паведаміла Міжнародная арганізацыя працы. За рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі беларускіх уладаў прагаласаваў 301 дэлегат, супраць — 54.

МАП прыняла рэзалюцыю з прапановай сваім сябрам перагледзець адносіны з уладамі Беларусі.

У рэзалюцыі сэсіі Міжнароднай канферэнцыі працы абБеларусі прапануецца рэгулярна абмяркоўваць беларускае пытаньне, пакуль ня будзе даказана, што ўлады ў Менску выканалі свае абавязаньні ў рамках канвэнцыі 87 і 98 Міжнароднай арганізацыі працы — аб свабодзе асацыяцыі і аб праве на арганізацыю і на вядзеньне калектыўных перамоў адпаведна.

Урадам, прадстаўнікам працадаўцаў і работнікаў краін – сяброў МАП прапануецца перагледзець адносіны з уладамі Беларусі.

Гучыць таксама «настойлівы заклік» да ўладаў Беларусі тэрмінова прыняць місію МАП для вывучэньня таго, як выконваюцца рэкамэндацыі.

Афіцыйны Менск на сэсіі прадстаўляе міністар працы і сацабароны Ірына Касьцевіч, таксама ўдзельнічае кіраўнік праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

«Гэты працэс цягнуўся 20 гадоў. Нагодай для яго актывізацыі стала ліквідацыя ўсіх незалежных прафсаюзаў, аб’яднаных у БКДП, і арышт больш як 40 прафсаюзных лідэраў і актывістаў», — паведаміла арганізацыя «Рабочы рух».

Як сказаў Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка, для беларусаў, дэмакратычнага руху і беларускіх рабочых гэта вялікая перамога і крок да аднаўленьня справядлівасьці.

«Тое, што столькі краінаў падтрымалі выкарыстаньне 33-га артыкулу, азначае, што Лукашэнка прайграў палітычнае поле і прайграе міжнародную прастору. Толькі за адзін тыдзень ён прайграў галасаваньне за месца ў Радзе Бясьпекі ААН, а тут атрымаў яшчэ адну скрышальную паразу — 301 супраць 54.

Для нас было важна, што столькі ўрадаў прагаласавалі за выкарыстаньне 33-га артыкулу — 132 прадстаўнікі ўрадаў. Мы разьлічвалі на большасьць, але лічба мае вялікае значэньне. Тыя ўрады, якія прагаласавалі за гэтае рашэньне, могуць на яго падставе рабіць наступныя крокі ў далейшай ізаляцыі лукашэнкаўскага рэжыму. Гэта прадугледжвае санкцыі, абмежаваньні, эмбарга на гандаль пэўнымі відамі прадукцыі. Гэтыя канкрэтныя рашэньні будуць прымаць нацыянальныя ўрады. Рашэньне МАП — гэта аснова.

Пакуль складана сказаць, як будзе ажыцьцяўляцца гэтая рэзалюцыя. Раней гэты 33-і артыкул ужываўся толькі супраць М’янмы. Як я сказаў, практычная рэалізацыя залежыць ад нацыянальных урадаў. І зараз мы павінныя працаваць з кожнай краінай, каб рэкамэндаваныя меры былі ўжытыя».

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску, сьцьвярджаў раней Франак Вячорка, лабіявалі «зьмякчэньне фармулёвак» рашэньня пра Беларусь. У сваю чаргу, Ціханоўская раней зьвярнулася да ўрадаў больш як 60 краін з заклікам падтрымаць ужываньне супраць Беларусі 33-га параграфа, які раней ужываўся толькі аднойчы — у 2011 годзе супраць М’янмы.

5 чэрвеня на 111-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы (МКТ) дэлегацыя краінаў Эўразьвязу падтрымала праект рэзалюцыі, які прадугледжвае меры ўзьдзеяньня на Беларусь з мэтай яе прымусу да выкананьня нормаў канвэнцыяў 87 (аб свабодзе асацыяцыі) і 98 (аб праве на арганізацыю і на вядзеньне калектыўных перагавораў).

ЭЗ устрывожаны тым, што ў Беларусі практычна не засталося «месца для бясьпечнага існаваньня незалежнага прафсаюзнага руху». Уладам Беларусі трэба «адмовіцца ад палітыкі зьнішчэньня незалежнага прафсаюзнага руху і задушэньня свабоднага голасу працоўных».

Эўразьвяз таксама ўстрывожаны прысудамі лідэрам і актывістам незалежных прафсаюзаў «за ўдзел у мірных сходах або ажыцьцяўленьне грамадзянскіх свабодаў».

  • У ліпені 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, працаўнікоў, энэргетыкаў (БНП), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Бальшыня іхных лідэраў знаходзіцца ў вязьніцах.
  • Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеяньні ўладаў Беларусі. Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцыяў.
  • Цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідэраў дэмакратычных прафсаюзаў. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказалі рашучы пратэст супраць рэпрэсій у дачыненьні да незалежных прафсаюзаў. 5 студзеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды па крымінальнай справе лідэраў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Судзьдзя Анастасія Папко прысудзіла Васілю Берасьневу, якому 73 гады, 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Генадзю Фядынічу, якому споўнілася 66 гадоў, —9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Вячаславу Арэшку, які мае ўзрост 68 гадоў, —8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Раней, 26 сьнежня 2022 году, таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361). Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды: Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму; Сяргею Антусевічу — 2 гады; Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG