Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць кампаній, зьвязаных з ПВК «Вагнэр»


Найміты ПВК «Вагнэр», ілюстрацыйнае фота
Найміты ПВК «Вагнэр», ілюстрацыйнае фота

ЗША ўключылі ў санкцыйны сьпіс адну фізычную і чатыры юрыдычныя асобы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр» і яе заснавальнікам Яўгеніем Прыгожыным, паведамляецца на сайце амэрыканскага міністэрства фінансаў.

У санкцыйны сьпіс унесьлі кампаніі Diamville Sau і Midas Ressources, якія базуюцца ў ЦАР, а таксама кампанія з ААЭ Industrial Resources General Trading і расейская кампанія «ДМ». Гэтыя арганізацыі ўдзельнічалі ў незаконных угодах з золатам для фінансаваньня ПВК «Вагнэр» у мэтах падтрыманьня і пашырэньня яе ўзброеных сіл, гаворыцца ў паведамленьні.

Пад санкцыі таксама трапіў Андрэй Іваноў, які ўвесну 2023 году, як гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства, шчыльна супрацоўнічаў з кампаніяй Прыгожына «Паліталёгія Афрыкі» і высокапастаўленымі чыноўнікамі ўраду Малі ў пытаньнях угодаў са зброяй, здабычы карысных выкапняў і іншай дзейнасьці ў Малі.

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ і іншымі дзяржаўнымі структурамі. Байцы «Вагнэра» ўдзельнічаюць у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • У студзені 2023 году Мінфін ЗША прызнаў ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвёў санкцыі супраць зьвязаных з ваеннай кампаніяй і яе заснавальнікам структур.
  • У красавіку Эўразьвяз унёс ПВК «Вагнэр» у санкцыйны сьпіс за «актыўны ўдзел у расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны». Парлямэнты Літвы і Францыі прызналі ПВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй.
  • Таксама супраць Прыгожына ўвялі санкцыі Канада і Вялікая Брытанія.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля спробы збройнага мяцяжу ў Расеі кіраўніку ПВК «Вагнэр» Яўгену Прыгожыну дазволілі выехаць у Беларусь, крымінальную справу супраць яго спынілі. Адбылося гэта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын на яго запрашэньне ўжо прыехаў у Беларусь. Пакуль невядома пра пераезд у Беларусь часткі наёмнікаў кампаніі, аднак пра такую магчымасьць увечары 26 чэрвеня заявіў Уладзімір Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG