Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вагнэр» у Беларусі. Госьці, якія могуць стаць гаспадарамі


Байцы ПВК «Вагнэр» у Растове, 24 чэрвеня 2023
Байцы ПВК «Вагнэр» у Растове, 24 чэрвеня 2023

Мала хто мог сабе ўявіць, што адным з прайграўшых бакоў у супрацьстаяньні Прыгожына і Шайгу (ці ўжо Прыгожына і Пуціна) раптоўна можа стаць Беларусь. Інфармацыя наконт таго, у якім канкрэтна геаграфічным пункце апынецца ў блізкай будучыні войска вагнэраўцаў, пакуль што супярэчлівая.

Аднак тое, што, паводле самога Прыгожына, «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі», пакідае ўсё меней сумневу ў тым, што ў Беларусь верхавод «Вагнера» прыбудзе далёка не ў адзіноце. Гэта ж у вечаровым выступе 26 чэрвеня пацьвердзіў і Пуцін, які сказаў, што тыя з вагнэраўцаў, якія пажадаюць, змогуць «паехаць у Беларусь».

Цалкам можа здарыцца так, што на беларускай тэрыторыі зьявяцца (побач з уласна беларускім войскам зь ягоным спрэчным узроўнем падрыхтоўкі і маральнага духу), яшчэ і некалькі тысячаў баевікоў-вагнэраўцаў — загартаваных крымінальнікаў без маральных бар’ераў і зь вялікім баявым досьведам. Гэта зробіць збройнае вызваленьне Беларусі (а цяпер ужо мала хто сумняецца, што вызваленьне можа быць толькі збройным) значна больш складаным.

І гэта ж падвышае рызыку таго, што Лукашэнка сам можа быць зрынуты гэтай ніяк не падкантрольнай яму сілай — ці паводле загаду з Масквы, ці з уласнай волі Прыгожына.

Беларусь, сапраўды, можа быць патрэбная Прыгожыну як новая перавалачная база і як штаб для вядзеньня апэрацый у Афрыцы, у чым заключаецца галоўны бізнэс ягонай ПВК. Бо Расея для яго цяпер — небясьпечная тэрыторыя.

Паўтара дні ганьбы

Пуцін ня раз паказваў сябе як баязьлівы і злапамятны чалавек. І гэтыя паўтара дні ганьбы ён наўрад ці даруе Прыгожыну. Вакол падзеяў мінулых пятніцы і суботы па-ранейшаму шмат невядомага, але з упэўненасьцю можна сказаць, што гэта не было пастаноўкай: на апублікаваным у суботу раніцай відэа Пуцін выглядаў рэальна напалоханым і разгубленым. Панічная рэакцыя фэдэральных і рэгіянальных расейскіх уладаў таксама выглядала непадробнай. Расейская эліта пачала імкліва ўцякаць з Масквы, дый сам Пуцін увесь гэты час знаходзіўся недзе ў невядомым месцы ў адным са сваіх сакрэтных бункераў.

Адзіным адназначным вынікам усяго гэтага здарэньня стаўся моцны ўдар па пуцінскай рэпутацыі,— магчыма, самы сур’ёзны крызіс ягонай улады за амаль чвэрць стагодзьдзя. «Кароль голы», «Акела прамахнуўся», «апушчаны» важак больш не важак" — цяперашняя Расея жыве не паводле напісаных законаў, а паводле прымітыўных правілаў крымінальнай супольнасьці.

Цяпер пытаньне, ці (або калі) знойдзецца нехта, хто захоча і зможа пайсьці па сьлядах Прыгожына, але, адрозна ад яго, давесьці справу да канца.

Пуціна і ягоны рэжым не чакае нічога добрага, але перад гэтым Пуцін будзе спрабаваць адпомсьціць — забясьпечыць пакутлівы канец Прыгожыну — так, як ён гэта ўмее, з «навічком» і агентамі «пятровымі-башыравымі».

Цалкам магчыма, што з боку Прыгожына ўвесь паход меў на мэце выхад з гульні: як выглядае, Міністэрства абароны на чале з Шайгу вяло справу да юрыдычнага падпарадкаваньня «вагнэраўцаў» сабе, і Пуцін гэта падтрымліваў. Цяпер Прыгожын зьнікае, не да канца страціўшы твар і, магчыма, атрымаўшы якіясьці матар’яльныя выгоды. Хоць адначасова і дасягнуўшы палітычнага эфэкту, якога ён сам мог не чакаць. Нельга нават выключаць, што мы больш увогуле ніколі яго не пабачым, а сам ён зараз, больш як праз два дні пасьля заканчэньня «рокашу», знаходзіцца ў якім заўгодна пункце сьвету пад якімі заўгодна дакумэнтамі.

Небясьпечныя госьці

Калі ж пацьвердзіцца інфармацыя пра тое, што недзе пад Асіповічамі, сапраўды, пачалі будаваць лягеры для васьмі тысячаў вагнэраўцаў, то можна будзе зрабіць выснову, што Лукашэнка замест таго, каб трымацца ад унутрырасейскіх разборак як мага далей, сам паставіў Беларусь перад яшчэ большай пагрозай дэстабілізацыі.

У такім разе можна ўявіць сабе што заўгодна. І атаку вагнэраўцаў зь Беларусі на Ўкраіну. І новы паход на Маскву з захаду (у параўнаньні з Растовам-на-Доне, гэта бліжэй і няма прыродных бар’ераў на шляху). І спробу ліквідацыі Прыгожына пуцінскімі або лукашэнкаўскімі спэцслужбамі ў Беларусі.

І ў тым ліку спробу ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі сіламі Прыгожына з усталяваньнем цяпер ужо паўнавартаснага расейскага акупацыйнага рэжыму. Бо можна ўявіць сабе, што чыста псыхалягічна Пуцін паслугу Лукашэнкі наўрад ці ацэніць: у вачах пуцінскай аўдыторыі беларускі дыктатар прадэманстраваў сілу ў момант, калі сам Пуцін выявіў слабасьць. Такім чынам, Лукашэнка міжволі прыклаў руку да ганьбы Пуціна. А такое ў Крамлі не даруюць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG